У Мар’інагорскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы адбылася прэзентацыя зборніка вершаў Леаніда Дранько-Майсюка
У сценах Мар’інагорскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа адбылася прэзентацыя зборніка вершаў Леаніда Дранько-Майсюка “Скарб”, які быў выдадзены Выдавецкім домам “Звязда” ў студзені гэтага года. Яго аўтар — наш добры сябра Леанід Дранько-Майсюк — вырашыў раздзяліць радасць чарговага творчага поспеху з навучэнцамі і выкладчыкамі каледжа.
Скарб — не грошы і не багацце, а тая лірычная каштоўнасць, той канечны жыццёвы шлях, якому заўсёды сугучныя журба і весялосць, лагода і хваляванне, таямнічасць і зразумеласць, рухавасць і супакаенне, устойлівыя вобразы і нязвыклая вершаваная мова. Аб тым, што гэта так і нязменна, сведчыць новая паэтычная кніга Леаніда Васільевіча. Менавіта гэтую ідэю даносіць паэт сваім чытачам праз радкі вершаў, сабраных пад назвай “Скарб”.
Таксама былі ўзгаданы і папярэднія выданні аўтара — архіўна-дакументальныя аповесці «…Усе бачылі нястачу віна…» (пра ксяндза Адама Станкевіча, яго самаахвярную працу на карысць Беларусі (пабачыла свет у 2020 годзе), «…Натуральны, як лінія небасхілу…» (пра маладыя гады беларускага паэта Максіма Танка, яго складанае жыццё ў Вільні (выйшла ў 2017 годзе).
Навучэнцы ахвотна прымалі ўдзел у інтэрактыўнай гутарцы з паэтам. На памяць яны набылі кнігі Леаніда Дранько-Майсюка, якія аўтар з задавальненнем аздобіў аўтографамі.
З новай кнігай паэта таксама пазнаёміліся супрацоўнікі бібліятэк раёна, работнікі культуры. Іх запрасілі на прэзентацыю, якая праходзіла ў раённым цэнтры культуры.
Алена Свірыдава,
выкладчык Мар’інагорскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа.