У Мар’інай Горцы ўшанавалі працоўную дынастыю

Марыя Ананіч, Ігар Прохараў, Ірына Ананіч.

У рамках  мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню Дня горада, у Мар’інай Горцы ўзнагародзілі працоўную дынастыю.

Больш за 135 гадоў — столькі складае агульны працоўны стаж сямейнай дынастыі Прохаравы-Ананіч з  ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс”. Яе заснавальнікам была Марыя Прохарава, якая з 1953 года трыццаць тры гады нязменна працавала  аператарам машыннага даення ў саўгасе “Чырвонагвардзейскі”. Марыя Мітрафанаўна была першай даяркай у  саўгасе, якая надаіла чатыры тысячы тон малака на адну карову.

Жанчына паспявала не толькі на працы, але і дома. Яна  шматдзетная  маці:  разам з мужам  выхавалі пяцёра  дзяцей.  Хутка Марыі  Мітрафанаўне  споўніцца  90  гадоў. Галоўным  скарбам  свайго  жыцця   жанчына  лічыць  дзяцей,  дзесяць унукаў і восем  праўнукаў.

Заснавальніца дынастыі Марыя Прохарава.

Працягнула сямейную дынастыю дачка Марыі Мітрафанаўны Ірына Ананіч. У наступным годзе  споўніцца сорак гадоў, як яна працуе спецыялістам па кадрах “ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс” і з’яўляецца старшыней прафсаюзнага камітэта  арганізацыі. У КСУП “Чырвонагвардзейскі” Ірына Віктараўна прыйшла сакратаром-машыністкай  адразу пасля школы. Праз некалькі  гадоў  атрымала  адпаведную  адукацыю і засталася.

Тут жа вартаўніком ужо трыццаць гадоў працуе яе муж Аляксандр Ананіч.

Іх сын  Максім  вырашыў працягнуць справу бабулі: выбраў для  сябе  галіну  жывёлагадоўлі.  Стаж  працы складае 21 год. Яго жонка  Марыя  з  2010  года працуе  брыгадзірам   малочнатаварнага  комплексу  “Дубраўка”.

На гэтым жа комплексе больш за два  гады працуе самы малады прадстаўнік  дынастыі — Ігар Прохараў. У дзяцінстве ён увесь вольны час праводзіў з бацькам  на трактары, таму невыпадкова выбраў сваю прафесію.

— У гаспадарцы ў свой час працавалі мае браты, іх жонкі. Калі скласці працу ўсіх членаў нашай сям’і, то агульны стаж будзе складаць 326 гадоў, — удакладняе Ірына Ананіч.

Сустрэча з сямейнай дынастыяй прайшла ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў  фармаце “круглага  стала”.   Словы падзякі за працу прадстаўнікам дынастыі выказала старшыня Пухавіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Людміла Гулякевіч. Падарункі членам сям’і  ўручыў намеснік старшыні Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Дзмітрый Бачкоў.

Ад імя Пухавіцкага райвыканкама прадстаўнікоў дынастыі павіншавала першы намеснік старшыні райвыканкама —  начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Марыя Клімовіч. Пажаданні ўсім членам сям’і  моцнага здароўя былі галоўнымі  ў той святочны  дзень.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *