У Мар’інай Горцы прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя святу працы — 1 мая
Першамай падараваў Пухаўчанам цудоўнае надвор’е. І нягледзячы на весновыя клопаты, сабралася не мала гараджан. Урачыстае мерапрыемства праходзіла на цэнтральнай плошчы каля Дома культуры.
З цудоўным вясновым святам прысутных павіншавала старшыня Пухавіцкага раённага Савета дэпутатаў Марыя Клімовіч. — З асаблівай падзякай мы ўшаноўваем у гэты дзень тых, хто славіць наш Пухавіцкі край сваёй працай, талентам, прафесійным майстэрствам, — адзначыла Марыя Уладзіміраўна. Яна выказала словы падзякі ветэранам працы, усім тым, хто ўпарта працаваў, закладваў традыцыі, якія беражліва захоўваюцца і перадаюцца на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Згуртаванай працай, клопатам аб роднай зямлі, мы ствараем заўтрашні дзень, дабрабыт нашай малой радзімы і краіны ў цэлым.
Свята працы — гэта магчымасць яшчэ раз выказаць словы падзякі ўсім, хто сёння паспяхова і добрасумленна працуе на карысць нашага раёна: працаўнікам сельскай гаспадаркі, прамысловых прадпрыемстваў, работнікам адукацыі, культуры, аховы здароўя, прадстаўнікам малога бізнесу, спецыялістам іншых, не менш важных прафесій, ветэранам і перадавікам вытворчасці, усім, хто будуе будучыню сваёй сям’і, сваёй краіны.
— Сёння прафсаюзы прадстаўлены 16 галінамі і 199 прафсаюзнымі арганізацыямі, у якіх працуе 18 тысяч членаў пярвічных арганізацый, — падкрэсліла, віншуючы прысутных, старшыня Пухавіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Людміла Гулякевіч. Яна ўручыла граматы Пухавіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў за добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм актывістам пярвічных арганізацый, сярод якіх машыніст тралёвачнай машыны Пухавіцкага лясгаса Андрэй Кіцік, канцэртмайстар Мар’інагорскай дзіцячай школы мастацтваў Алена Макарава, вядучы эканаміст Пухавіцкага камбіната бытавога абслугоўвання Алеся Тарлоўская і іншыя.
Пухаўшчына заўсёды славілася таленавітымі, працавітымі людзьмі, якія жывуць у добрасуседстве, працуюць на карысць агульнай справы і сваімі рукамі робяць наш раён яшчэ больш прывабным і камфортным. Наша зямля славіцца сваімі працоўнымі ініцыятывамі, майстрамі і спецыялістамі. Сярод іх шмат працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Са святам працы іх павіншавала старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Лілія Брандт. Яна ўзнагародзіла найлепшых працаўнікоў і ўручыла ім падзякі раённага камітэта. Таксама словы падзякі за працу выказалі старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Шавель, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Белаграпрамбанк» у г. Мар’іна Горка Вольга Лаўрэнцьева, старшыня пярвічнай арганізацыі філіяла «ЦЭЦ-5» РУП «Мінскэнерга» Антон Качура.
Першамайскае свята атрымалася вельмі цёплым, сонечным. Многія прыходзілі сем’ямі. Для дзяцей працавалі атракцыёны, на плошчы размясціліся гандлёвыя рады, была арганізавана выстава-продаж вырабаў ручной работы майстроў пухаўшчыны. Музычныя нумары дарылі гледачам Ягор Жылук, Марына Саланец, Алена Гаранчук і творчы калектыў Дружненскага Дома культуры.
Анастасія ПЛЯТНЁВА.