У мастацкай галерэі Пухавіцкага раёна працуе выстава маладой мастачкі з Мар’інай Горкі

Маладая мастачка з Мар’інай Горкі Дар’я Бародзька.

—  Скончыўся той перыяд, калі мы адкрывалі для сябе ў асноўным  забытыя імёны беларускіх мастакоў. Настаў час, калі  мы  часцей знаёмімся з маладымі таленавітымі творцамі, якія  выраслі ўжо ў новых свабодных умовах, і ў іх ёсць магчымасць “расправіць свае крылы” на ўвесь свет, — сказаў прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Яўген Шунейка на адкрыцці чарговай выставы ў нашай мастацкай галерэі, дзе прадстаўлены жывапісныя работы маладой мастачкі з Мар’інай Горкі Дар’і Бародзька, якія яна аб’яднала агульнай назвай “Гульня натхнення”.

Гэта была  адметная падзея. Як падкрэсліў дырэктар раённага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч, на пухавіцкай зямлі вырасла нямала таленавітых мастакоў. А ў апошні час вельмі моцна заяўляе аб сабе моладзь. У калекцыі галерэі ёсць работы маладых мастакоў з Мар’інай Горкі, нядаўніх выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіла Мішука і Дар’і Раманенка.  Дарогу ў свет творчасці ім адкрыла Мар’інагорская дзіцячая школа мастацтваў, дзе шмат робіцца для таго, каб развіваць юныя  таленты.

Дар’я Бародзька — таксама выпускніца мастацкага аддзялення гэтай навучальнай установы, дзе яе настаўнікам была Ніна Дзмітрук. Зараз дзяўчына вучыцца на чацвёртым курсе аддзялення жывапісу Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя Аляксея Глебава. Яна з’яўляецца ўдзельніцай самых разнастайных конкурсаў і выстаў. Так, на 7-м Міжнародным дзіцячым конкурсе выяўленчага мастацтва “КРАСАVEEK-2017” Дар’я ўзнагароджана спецыяльным прызам у намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” (узроставая катэгорыя ад 17 да 20 гадоў)  за работу “Свята сонца”. У прадстаўленай у мастацкай галерэі экспазіцыі ёсць карціна “Вёска”, з якой мастачка прымала ўдзел у выставе “Я Манэ, Я Шышкін, Я  Малевіч”, што праходзіла вясной гэтага года ў Мінску ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. А зараз адбыўся яе дэбют  у мастацкай галерэі Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея.

На сваёй першай персанальнай выставе ў родным горадзе Дар’я прадставіла розныя па жанрах карціны: партрэты, пейзажы, нацюрморты, разнастайныя кампазіцыі.

—  Гэта работы, якія я выконвала на працягу трох гадоў вучобы ў каледжы, — растлумачыла Дар’я. — Я  вывучаю творчасць розных майстроў жывапісу, бо без гэтага нельга стаць прафесіяналам. Але  пры гэтым імкнуся не пераймаць іх стыль, а знайсці свой.

Яўген Шунейка і Ігар Бародзька.

Тое, што ў Дар’і атрымліваецца быць арыгінальнай, і яна ўжо прэтэндуе на свой стыль, пацвердзіў Яўген Шунейка.  Ён параіў  дзяўчыне абавязкова працягваць вучобу. На яго думку, да яе смеласці ў творчасці трэба дадаць вопыт, які дае акадэмічная адукацыя.

Дар’я і сама пацвердзіла, што не збіраецца спыняцца. Мастацтва  —  гэта яе выбар на ўсё жыццё. Ёсць жаданне не абмяжоўваць сябе толькі жывапісам і паспрабаваць што-небудзь іншае.

Пакарэння новых вяршынь ад маладой мастачкі будуць чакаць і землякі, якія прыйшлі павіншаваць яе з адкрыццём першай персанальнай выставы. Надышоў  час “расправіць крылы”. Цёплыя словы ў свой адрас яна пачула ад начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Кацярыны Касмольскай, старшыні раённага савета ветэранаў Ганны Сабалеўскай, сваіх бацькоў і сяброў.

У прывітальных словах Наталлі Бародзька, мамы Дар’і, прагучала і парада для бацькоў, дзеці якіх бачаць сябе толькі ў мастацтве: “Навучыцеся прымаць выбар дзяцей, хоць гэта часам бывае і нялёгка. Так вы дапаможаце ім быць шчаслівымі”.

 Наталля  ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *