У пасёлку Мар’іна віншавалі 100-гадовага юбіляра

Усё далей і далей ад нас застаецца Вялікая Айчынная вайна. Усё меней і меней удзельнікаў і сведкаў тых страшных падзей. Але няма і не будзе ў нас права забыць герояў, якія падаравалі нам мір.

Знаёмства з Уладзіславам Мікалаевічам — вялікая ўдача для цяперашніх навучэнцаў і супрацоўнікаў Мар’інагорскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. Уладзіслаў Мікалаевіч — жыхар пасёлка Мар’іна, у мінулым выкладчык. Пасля кожнай сустрэчы з ім міжволі думаеш, што ў гэтага чалавека яшчэ шмат чаго наперадзе: ён сабраны, адказны, з выключным пачуццём гумару, з агеньчыкам у вачах, з уменнем гаварыць душой. 5 жніўня ён адзначыў 100-гадовы юбілей. Доўгае жыццё гэтага цікавага чалавека было заўсёды накіравана толькі на стварэнне.

Начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Пухавіцкага раённага аддзела ўнутраных спраў Марына Масленікава ўручае пашпарт стогадоваму жыхару пасёлка Мар’іна Уладзіславу Васільеву.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Уладзіслаў Мікалаевіч быў маладзейшы за сённяшніх навучэнцаў каледжа.

У 1942 годзе, скончыўшы 10 класаў, з Поўначы, дзе ён жыў, разам са сваімі таварышамі Уладзіслаў Васільеў трапіў у Кузнецкае кулямётнае вучылішча ў Навасібірскай вобласці. Прыходзілася займацца па 10 гадзін у дзень з цяжкімі прыладамі за плячыма. Не песціў і рэзка кантынентальны клімат: днём было горача, а пасля фізічных нагрузак вельмі хацелася піць. Але вопытныя настаўнікі раілі пасля селядца з падсоленым кавалкам хлеба з маслам на абед выпіваць шклянку гарачай гарбаты. Гэты “сакрэт барацьбы са смагай” яшчэ не раз спатрэбіўся ў жыцці.

У гэты ж час пад Ленінградам Другой ударнай арміяй кіраваў генерал Уласаў, на дапамогу якому быў сабраны эшалон з 2000 курсантаў Кузнецкага вучылішча. Маладых людзей адправілі па “зялёным калідоры”: не было ніякай затрымкі, каб патрапіць у самае сапраўднае пекла. Не хапала прадуктаў, абмундзіравання, боепрыпасаў. Уладзіславу Васільеву дасталася вінтоўка без баявой лічынкі, і страляць ёю не было сэнсу. На пытанне: “Як жа быць?” ён атрымаў адказ: “Там знойдзеш”. А “там” — гэта месца, дзе ўжо быў бой, дзе назаўсёды засталіся ляжаць твае таварышы і ворагі…

Знаходзячыся ў Другой ударнай арміі, 1 верасня 1942 года ў 6 гадзін вечара Ула-дзіслаў Мікалаевіч быў двойчы паранены: у руку і шыю, прычым другое раненне было вельмі сур’ёзным. Параненых было шмат, але на вайне разлічваць прыходзілася толькі на свае сілы. І ў такім стане яму прыйшлося пераадолець 15-гадзінны пераход ноччу па забалочанай мясцовасці. Пасля ранення давялося доўга ляжаць у шпіталі. Магчыма, там прыйшла ў галаву думка, якой Уладзіслаў Васільеў застаўся верны на ўсё далейшае жыццё: “Забіваць чалавека нялёгка і непрыемна, хоць ён і вораг”.

Цяжка ўспамінаць час, праведзены ў Ленінградзе, калі на суткі чалавеку давалі 125 грамаў хлеба. Калі гарэлі склады з прадуктамі харчавання, расплаўлены цукар выцякаў на зямлю, а людзі збіралі гэтую зямлю, разводзілі вадой, кіпяцілі і пілі брудную салодкую вадкасць, каб хоць неяк падтрымаць сілы. Падзеі, якія праходзілі ў блакадным Ленінградзе, шырока апісаны ў гістарычнай і мастацкай літаратуры.

Калі ў горад прыехаў Клімент Варашылаў, Уладзіславу Васільеву давялося яго ахоўваць. Праз некалькі гадоў пасля вайны ён убачыў гэты сюжэт у мастацкім фільме “Блакада”.

У 1943 годзе, калі прарвалі блакаду Ленінграда, стала крыху лягчэй. Але вайна працягвалася. У доўгіх гутарках Уладзіслаў Мікалаевіч часта ўспамінае адно наступленне немцаў: у хваёвым лесе наша камандаванне загадала падпускаць немцаў бліжэй, а ў лесе гармата страляе прама, і калі адбываўся стрэл, снарад абавязкова трапляў у дрэва, якое падскоквала і падала на зямлю. Выглядала гэта жудасна.

У 1944 годзе Уладзіслава Мікалаевіча знялі з фронту і накіравілі ў Ленінград на курсы, дзе рыхтавалі сакрэтную “каманду 8”, якая збірала шыфравальную інфармацыю ворага. Зразумела, што курсантамі станавіліся толькі тыя франтавікі, якія заслужылі асаблівы давер, у якіх было ўпэўнена камандаванне. Чым яго можна было заслужыць? Сваёй працай, падрыхтоўкай, учынкамі. Вайна — час праверкі характару, асабістых якасцяў, бо ў гэтых умовах немагчыма прыкідвацца.

Радасная вестка аб Перамозе была атрымана Уладзіславам Васільевым у Прыбалтыцы, але Перамога не прынесла яму вяртання дадому. Яшчэ некаторы час разам са сваімі таварышамі па службе ён ваяваў у Эстоніі.

І толькі ў 1946 годзе быў дэмабілізаваны. Пасля вайны паступіў у сельскагаспадарчы інстытут, скончыў факультэт земляробства і геадэзіі, стаў працаваць выкладчыкам у Мар’інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме.

Нягледзячы на тое, што Уладзіслаў Мікалаевіч даўно знаходзіцца на заслужаным адпачынку, у навучальнай установе шмат што нагадвае пра яго плённую працу. Сцены карпусоў, чытальнай залы ўпрыгожваюць яго карціны. Уладзіслаў Васільеў усё жыццё пісаў пейзажы, у якіх можна па-знаць мясцовыя краявіды. Напэўна, няма ніводнай сям’і ў Мар’іна, для якой бы Уладзіслаў Мікалаевіч не зрабіў фота-здымкі. У яго багатай бібліятэцы, якую разам з членамі сям’і ён збіраў на працягу ўсяго жыцця, можна знайсці рэдкія кнігі.

Выпускнікі каледжа ўспамінаюць, якім цікавым ён быў класным кіраўніком. Асабліва запомнілася, як паставіў са сваёй групай п’есу Васіля Гарбацэвіча “Чырвоныя кветкі Беларусі”. Дэкарацыі стварыў сам. Касцюмы пашылі маці і жонка.

Але галоўнай справай свайго мірнага жыцця Уладзіслаў Васільеў лічыць добраўпарадкаванне брацкай магілы на могілках у пасёлку Мар’іна, якім ён займаўся разам з сакратаром камсамольскай арганізацыі Віктарам Паўлоўскім і навучэнцамі тэхнікума ў сярэдзіне 1980-х гадоў. Так захавалася памяць пра таварышаў, якія загінулі на вайне, пра тых, хто, устаўшы на абарону Радзімы, не сустрэў Перамогу.

Яшчэ нядаўна Уладзіслаў Мікалаевіч быў частым госцем у каледжы і ў святы, і ў будні. Зараз дзверы яго дома заўсёды адчынены для гасцей. Часам заходзяць навучэнцы і супрацоўнікі каледжа, суседзі. Былы выкладчык гатовы дзяліцца ўспамінамі, вопытам — можна сказаць, што ён па-ранейшаму дае ўрокі. Урокі гэтыя асабліва каштоўныя, бо неабходны для годнага жыцця чалавека, якому дарагія родныя, блізкія і яго Радзіма. І ў гэтым шчасце гэтай цудоўнай асобы, з якой нам давялося не проста пазнаёміцца, але і пасябраваць.

Алена Свірыдава,

выкладчыца Мар’інагорскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *