У ПСУ «Рудзенскае» першымі ў раёне пасеялі раннія яравыя збожжавыя культуры
У падсобным сельскагаспадарчым упраўленні «Рудзенскае» першымі ў раёне пасеялі раннія яравыя збожжавыя культуры. Сёлета пад іх адвялі 410 гектараў: ячмень, авёс, яравая пшаніца, зернебабовыя культуры. Акрамя таго, яшчэ неабходна пасеяць 150 гектараў аднагадовых траў, 100 гектараў цукровых буракоў і 300 гектараў кукурузы.
У гэтыя дні на вясновым полі ПСУ «Рудзенскае» выконваюць шэсць відаў работ: падкормка траў, баранаванне шматгадовых траў, унясенне арганікі, падрыхтоўка глебы, сяўба.
— Даводзіцца спяшацца — расказвае галоўны аграном сельгасарганізацыі Андрэй Баранаў. — Вільгаць з глебы знікае, што можа негатыўна адбіцца на ўсходах і развіцці раслін, і ў канчатковым выніку — на будучым ўраджаю. А яго мы плануем атрымаць не ніжэй за леташні.
Самай першай у сельгасарганізацыі пасеялі яравую пшаніцу. Выбралі для гэтай культуры адно з лепшых па ўрадлівасці палёў. Разлічваюць сабраць багаты ўраджай. Летась пшаніца парадавала: сабралі амаль 40 цэнтнераў збожжа з гектара.
Аснова добрага ўраджаю, канешне, насенне. Па 10 гектараў кожнай культуры засеялі насеннем эліты, якую набылі ў эксперыментальнай базе «Зазер’е» і РУП «Шыпяны-АСК».
У гаспадарцы два сеяльшчыкі — Іван Паддубоцкі і Павел Крывашэеў. Удваіх яны засяваюць пры спрыяльным для гэтай работы надвор’і да 70 гектараў. Працуюць на вясновым полі з 7 і да 19 гадзін.
— Яшчэ з восені мы заклалі добрую аснову ўраджаю, — адзначае Андрэй Анатольевіч. — Пасеялі 960 гектараў азімых культур. Яны нармальна перазімавалі. Нашы механізатары ў зімовы перыяд падрыхтавалі тэхніку, надаўшы належную ўвагу рамонтам, каб не было праблем і паломак на вясновым полі. Пастараліся адрэгуляваць ўсё да дробязяў, каб ішоў бесперапынны працоўны працэс. Зараз уся тэхніка, што ёсць у гаспадарцы, выйшла ў поле.
Ужо зрабілі першую падкормку 250 гектараў азімага рапсу і 930 гектараў азімых збожжавых. Зараз вядзецца падкормка шматгадовых траў азотнымі ўдабрэннямі і ўносіцца арганіка. Праца, можна сказаць, «кіпіць». Аграрыі імкнуцца выкарыстоўваць кожную пагодлівую хвіліну, бо, як гаворыцца ў вядомай прымаўцы, «што пасееш, тое і пажнеш». А пасеяць неабходна хутка і якасна, каб атрымаць дружныя ўсходы.
Анастасія ПЛЯТНЁВА.