У Пухавіцкім раёне на МТФ “Пярэжыр” нарадзілася тройня
— Адзін, другі, трэці. Вось і галоўныя віноўнікі вашага прыезду, — з усмешкай гаворыць тэхнік-асемянатар малочнатаварнай фермы “Пярэжыр” ЭБ “Зазер’е” Ганна Шаўцова, паказваючы на маленькіх цялятак. — Тройня нарадзілася ў нас на мінулым тыдні. Усе — бычкі. Для жывёл такая з’ява — рэдкасць.
З’яўлення на свет адразу траіх цялят на ферме не чакалі. Папярэдняе УЗІ паказала, што ў кароўкі будзе двойня. Спачатку так і было, але праз паўгадзіны нарадзіўся трэці бычок.
Першыя дні работнікі фермы асабліва перажывалі за нованароджаных цялят. Найбольш клапацілася Алена Сінкевіч. Дваццаць пяць гадоў жанчына працуе ў жывёлагадоўлі, але з тройняй сутыкнулася ўпершыню.
— У бычкоў добры апетыт. Яны ўжо навучыліся самастойна піць. Паступова прывучаем іх да камбікорму і кукурузы, — гаворыць Алена Уладзіміраўна. — Стараюся забяспечыць ім і астатнім цялятам належны догляд. Цяпер у мяне шэсцьдзясят цялят. Часта іх бывае больш за сотню, але спраўляюся.
Добра адчувае сябе і маці цялят.
— Гэтая тройня стала першай у маёй практыцы. А двойні — ужо звыклая з’ява. Толькі ў лютым на нашай ферме нарадзіліся дзве двойні, чакаем яшчэ дзве, — гаворыць тэхнік-асемянатар з дванаццацігадовым вопытам, неаднаразовы прызёр раённага конкурсу прафесійнага майстэрства Ганна Шаўцова.
Сваю прафесію Ганна Міхайлаўна, можна сказаць, атрымала ў спадчыну. Яе дзядзька — прафесар ветэрынарнай медыцыны, займаўся племянной справай. Бабуля была перадавой даяркай. Сёння сын вывучае ветэрынарную медыцыну ў каледжы.
Калегі характарызуюць Ганну Міхайлаўну як здольнага і таленавітага спецыяліста, які аддае працы шмат сіл і часу. Усе спадзяюцца, што гэтая тройня бычкоў — не апошняя тройня ў гаспадарцы.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.