У Пухавіцкім раёне пачалася сяўба яравых збожжавых і зернебабовых культур

Напрыканцы мінулага тыдня трактары з пасяўнымі агрэгатамі выехалі на палеткі ўсіх гаспадарак раёнаПачатак сяўбы — адметная падзея асабліва для тых, хто кожны дзень працуе на новы ўраджай.

У ліку першых лідараў вясенняй пасяўной — сельгасфіліял “Дрычын”, СУП “Дукора-Агра”, ААТ “Зазерка”, ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс”, ААТ “Вецярэвічы”. Дукорскіх земляробаў у панядзелак мы сустрэлі каля Рудзенска. Ішла сяўба ячменю.

— Пад гэту культуру адведзена 700 гектараў. 300 — пад пшаніцу, 100 — пад зернебабовыя, — расказвае вядучы аграном-хімік СУП “Дукора-Агра” Аляксандр Кротаў. — На полі працуюць два пасяўныя агрэгаты. Адзін з іх новы. Таксама напярэдадні сезона набылі культыватар з дзесяцімятровым захватам. Гэты магутны агрэгат зачапілі да трактара Юрыя Шлыка. Унясеннем мінеральных удабрэнняў займаюцца Дзмітрый Шаўцоў і Анатоль Глузд.

Каля вёскі Рудзенск-2 працаваў Сяргей Фралоў. У полі ён фактычна быў першы дзень: дагэтуль  выязджаў, каб адрэгуляваць сеялку. Побач з полем, дзе малады чалавек сеяў ячмень, узышоў азімы рапс.  Гэту  культуру  мінулай  восенню таксама сеяў  Сяргей.

— На сяўбе я задзейнічаны другі год. Насенне мне сёлета падвозіць Віктар Лучанкоў.  Раней я ў асноўным займаўся падкормкай раслін на “Расе”, — гаворыць механізатар. — Сёлета мая вясна пачалася з унясення КАСа і рамонту пасяўнога агрэгата.

Механізатар Уладзімір Давыдзенка.

Праз некалькі кіламетраў на полі сустракаем  Уладзіміра  Давыдзенку. Крыху нязвыкла бачыць яго каля сеялкі. Раней Уладзімір Віктаравіч часцей быў задзейнічаны на падрыхтоўцы глебы або ворыве. У якасці  сейбіта праводзіць дэбютны сезон. Як вопытнаму і адказнаму механізатару  кіраўніцтва гаспадаркі даверыла яму новы пасяўны агрэгат.

— Ужо амаль прывык да новай тэхнікі. Спачатку дапамагаў калега Сяргей Фралоў і наша агранамічная служба, — гаворыць Уладзімір Давыдзенка. — Першае поле не самае простае. Бункер, які ўмяшчае крыху больш за дзве тоны насення, рассейваю прыкладна за гадзіну.

На  полі  з  сейбітам  працуе вопытны   вадзіцель Анатоль Крайко.

Вадзіцель Анатоль Крайко.

Вясна ў гаспадарцы — традыцыйна час напружанай працы. Працоўны дзень  у механізатараў ужо пачынаецца ў сем гадзін раніцы. Сталовая гаспадаркі пакуль не працуе, але абеды механізатарам аператыўна дастаўляюць на поле.  Іх заказваюць у сталовай ЦЭЦ-5.

Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *