У «ПЗ «Індустрыя» упершыню пасеялі сорга

Вадзіцель Дзмітрый Бабінскі і механізатар Дзмітрый Лістападаў.

Завяршаюць першы ўкос шматгадовых траў у племянным заводзеІндустрыя”, тут неабходна было ўбраць 970 гектараў  шматгадовых траў.

У гаспадарцы вырошчваюць такую аднагадовую культуру, як пайза, да ўборкі якой прыступяць крыху пазней. Віды на ўраджай нядрэнныя. Упершыню пасеялі і сорга. Спецыялісты раяць у рацыён жывёлы ўводзіць гэтую даволі рэдкую для нашых мясцін культуру.

— Сёння мы павінны назапасіць не толькі дастатковую колькасць кармоў, але атрымаць якасную зялёную масу, якая б адпавядала ўсім патрабаванням, — кажа галоўны аграном ААТ “ПЗ “Індустрыя” Васіль Бойка. — Таму за тэхналогіяй нарыхтоўкі сенажу ўважліва сочыць начальнік вытворчага ўчастка Ірына Лінская.

Людзі, занятыя на нарыхтоўцы кармоў, разумеюць, што ад сумленнай і якаснай працы кожнага залежыць і канчатковы вынік.

Механізатары Віктар Савасцюк і Аляксандр Назаранка працуюць на касьбе. Яны першымі выязджаюць на сенажаць. Юрый Клеўка працуе на другой важнай аперацыі: ён валкуе граблямі скошаную масу. А Дзмітрый Лістападаў падбірае і здрабняе на КВК правяленую траву. На гэтых аперацыях задзейнічаны вопытныя механізатары.

З першага ўкосу ўжо закладзена 4776 тон сенажу ў тры сянажныя траншэі. А ўсяго, каб правесці зімоўку з поўным запасам кармоў, неабходна закласці 15 такіх траншэй.

— Першы ўкос у гэтым годзе крыху запазніўся, — адзначае Васіль Пятровіч. — І не вельмі  нарасла зялёная маса. Але зараз усталявалася спрыяльнае надвор’е: хапае вільгаці і цяпла, і травы растуць інтэнсіўна. Мы адразу падкормім скошаныя сенажаці, і спадзяюся, што другі ўкос будзе больш шчодрым.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *