У раёне працягваецца ўборка саломы
Салома — гэта і якаснае арганічнае ўдабрэнне, і добры подсціл для жывёлы, таму гаспадаркі раёна яе актыўна і акуратна назапашваюць. У цэлым у раёне запрасавана больш за 13350 гектараў, звезена больш за 10300 тон.
ААТ “Племянны завод “Індустрыя” ў ліку лідараў па гэтым паказчыку. Ужо запрасавана 1138 гектараў, звезена 906 тон. Салому вывозяць да фермаў і складваюць у скірды. Частка ідзе на подсціл выгульных двароў.
— Салому мы пачалі ўбіраць практычна ўслед за камбайнамі, — расказвае галоўны аграном Васіль Бойка. — Месцамі здрабнялі і пакідалі на палях як арганічнае ўдабрэнне, большасць прасуем і будзем выкарыстоўваць як корм ці подсціл для жывёлы. З мінулага года засталося толькі 20-30 тон саломы, таму сёлета плануем назапасіць не менш.
Для гэтага ёсць усе падставы. Па выніках жніва хлебаробы з “Індустрыі” атрымалі рэкордны намалот для гаспадаркі — 9518 тон. Па разліках спецыялістаў, 4500 тон саломы дакладна будзе нарыхтавана. Для сельгаспрадпрыемства гэтага дастаткова.
Займаецца нарыхтоўкай саломы звяно земляробаў, якое ўзначальвае начальнік вытворчага ўчастка “Пухавічы” Ірына Лінская. З прэс-падборшчыкамі ПРФ-180 працуюць Юрый Клеўка і Сяргей Бабінскі. Маладому механізатару Дзмітрыю Бабінскаму ўпершыню даверылі прэс-падборшчык “Тарнада”. Гэта больш высокапрадукцыйная тэхніка, якая выкарыстоўваецца не толькі для нарыхтоўкі саломы, але і на прасаванні сена і на нарыхтоўцы сенажу ў стрэтч-плёнку. На пагрузачна-разгрузачных работах задзейнічаны Ігар Лінскі і Васіль Бруханчык.
— З-за дажджу мы вымушаны зрабіць перапынак у прасаванні саломы. Апошнія дні займаемся толькі адвозкай. Да гэтай справы далучылі Юрыя Клеўку і Сяргея Бабінскага. У іншыя дні на адвозцы працуе наш Ігар Карынец і запрошаная тэхніка, — працягвае Васіль Пятровіч. — Збожжавыя культуры ў нас займалі 2550 гектараў. Наперадзе яшчэ шмат клопатаў з саломай, але ўпэўнены, што наша звяно своечасова справіцца са сваёй задачай.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.