У раёне прайшлі заключныя школьныя лінейкі
Сёння ў школах рэспублікі прайшлі заключныя школьныя лінейкі. І адбылося гэта ў новым фармаце, які прадыктаваны эпідэміялагічным становішчам, выкліканым распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі. Таму на гэтых мерапрыемствах не было звыклай масавасці і ўрачыстасці. Але педагогі пастараліся, каб асабліва выпускнікі, для якіх званок прагучаў у апошні раз, усё ж запомнілі гэты дзень.
Для вучаніцы 11-га класа Рудзенскай СШ Дар’і Пашынай свята апошняга званка было трошкі сумным. І не эпідэмія таму прычына. Проста не надта хочацца развітвацца з бесклапотным дзяцінствам. Аднак час не спыніш: трэба ісці ўперад. Дзяўчынка ставіць перад сабой занадта сур’ёзные задачы на бліжэйшую будучыню. Па-першае, стаць студэнткай факультэта міжнародных адносін БДУ. Па-другое, выдатна вучыцца і там, каб потым стаць (а чаму б і не?) дыпламатам. Дар’я цікавіцца гісторыяй, міжнароднай палітыкай, паліталогіяй, любіць замежную мову. І “васьмёрку” лічыць уласна для сябе дрэннай адзнакай. Таму не дзіўна, што атэстат у выпускніцы будзе не менш як 9,7. Што ж, няхай усё ў Дар’і спраўдзіцца.
Адной з першых, хто парадуецца за яе поспехі, будзе сястра Аляксандра, якая ў гэтым годзе таксама выпускніца: Саша атрымае пасведчанне аб базавай адукацыі. І калі старэйшая сястра з’яўляецца прэтэндэнтам на медаль, то малодшая — на пасведчанне з адзнакай.
За плячыма абедзвюх дзяўчынак не адна раённая алімпіяда, не адзін навуковы конкурс. Ёсць у скарбонцы шмат узнагарод. Сваімі вучаніцамі школа, безумоўна, ганарыцца. Так і будзе, таму што Аляксандра плануе радаваць сваімі поспехамі і далей: 1 верасня для дзяўчынкі пачнецца новы навучальны год. Свята апошняга званка для яе азначае пачатак канікулаў.
У гэтым годзе ў нашым раёне на свае апошнія школьныя лінейкі прыйшлі 268 выпускнікоў устаноў сярэдняй адукацыі раёна. Адзінаццаць вучняў паспрабуюць пацвердзіць на экзаменах свае веды і атрымаць залатыя медалі. А з 596 дзевяцікласнікаў 28 хлопчыкаў і дзяўчынак будуць прэтэндаваць на атрыманне пасведчання аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай.
Экзамены ў школах пройдуць з 1 па 9 чэрвеня. З улікам эпідэміялагічнай сітуацыі і ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя пры іх правядзенні будуць прыняты неабходныя меры бяспекі.
Улічваючы той факт, што правядзенне масавых мерапрыемстваў у краіне абмежавана, Міністэрства адукацыі з мерапрыемстваў па завяршэнні навучальнага года рэкамендуе арганізаваць ва ўрачыстай абстаноўцы толькі ўручэнне атэстатаў аб агульнай сярэдняй адукацыі. У нашым раёне яно пройдзе 10 чэрвеня. А вось выпускныя вечарыны ў школах Беларусі рэкамендавана не праводзіць.
Але і гэта не ўсе змяненні, якія закрануць выпускнікоў школ. Нагадаем, раней з-за эпідэміі каранавіруса ў Беларусі было вырашана перанесці пачатак цэнтралізаванага тэсціравання на больш позні тэрмін.
Астатнія школьнікі таксама вымушаны будуць скарэкціраваць свой летні адпачынак.
Алена ШАНТЫКА.