У раёне вядзецца прасаванне саломы, каб вызваліць палі для ворыва і сяўбы

Разам з уборкай ураджаю збожжавых культур з палёў вядзецца прасаванне саломы. Усталявалася цёплае сонечнае надвор’е, якое дазваляе прасаваць і адвозіць яе з поля добрай якасці.

Салому цюкуюць і складзіруюць каля ферм для далейшага выкарыстання ў жывёлагадоўлі: ячменную — на корм, а астатнюю  —  для падсціла.

У ААТ «Пухавіцкі райаграсэрвіс» трэба было ўбраць 2350 гектараў збожжавых культур. Салому на плошчы  390 гектараў здрабнілі пад пасеў рапсу, выкарыстоўваючы як удабрэнне, а астатнюю на плошчы 1970 гектараў следам за камбайнамі прасуюць.

— Мы ўжо запрасавалі салому на плошчы 575 гектараў, — расказвае галоўны аграном ААТ «Пухавіцкі райаграсэрвіс»  Дзяніс Адзярыха. — На полі працуюць чатыры  прэсы. З іх — два новыя ПР-185, якія ў гаспадарцы набылі летась. На іх працуюць Уладзімір Адамовіч і Аляксандр Кунцэвіч. І два ПРФ-145, на якіх прасуюць салому Анатоль Котаў і Аляксандр Кубар. У дзень кожны выконвае гэту работу на плошчы 30 гектараў. А ўсе разам яны могуць убраць ад саломы ў дзень да 100 гектараў палёў.

Для адвозкі саломы з поля ў райаграсэрвісе створана звяно,  якое за адзін рэйс перавозіць да 24 рулонаў саломы. Яе складзіруюць у скірды каля ферм. У сельгасарганізацыі вялікае пагалоўе буйной рагатай жывёлы, таму і патрэба ў саломе ёсць.

— У гэтым годзе ўраджайнасць збожжавых культур у гаспадарцы большая за мінулагоднюю, — адзначае Дзяніс Мікалаевіч. — Плануем атрымаць 1600-1700 тон, а ў мінулым годзе, для параўнання, было сабрана ўсяго 1300 тон.

Больш за іншых спрасавана саломы ў ААТ «Аграсімвал», «Ражджэственскае-Агра», «Агра-Абярэг», «Голацк», СГФ «Светлая ніва», «Племянны  завод «Індустрыя».

Убіраюць салому з палёў ва ўсіх сельскагаспадарчых арганізацыях раёна, каб вызваліць палі для  ворыва і сяўбы азімых культур.

Анастасія   ГЛЕБАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *