У раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” падвялі вынікі работы і выбралі новага лідара
У раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” — новы лідар. Яе ўзначаліла Ганна Скорая, якая працуе начальнікам упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама. Такое рашэнне было прынята на справаздачна-выбарчай канферэнцыі раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, якая адбылася на мінулым тыдні.
“Белая Русь” — адна з самых уплывовых рэспубліканскіх грамадскіх арганізацый. У нашым раёне яе членамі з’яўляюцца 762 чалавекі, якія працуюць у сферах адукацыі, аховы здароўя, культуры і іншых. Аб’яднаны яны ў 78 першасных арганізацый. Аб гэтым паведаміла ў сваім дакладзе Людміла Сарнова, якая на працягу справаздачнага перыяду ўзначальвала раённую арганізацыйную структуру. Яна таксама расказала аб напрамках работы і справах, арганізатарамі і ўдзельнікамі якіх былі члены арганізацыі. У спісе нямала цікавых мерапрыемстваў, у тым ліку і сумесных з іншымі грамадскімі арганізацыямі раёна. Кропкі сутыкнення ў “Белай Русі” ёсць і з раённымі структурамі піянерскай і ветэранскай арганізацый , “БРСМ”, “Беларускага саюза жанчын”, прафсаюзамі. Іх аб’ядноўваюць агульныя прыярытэты, галоўныя з якіх — дзяржаўнасць і патрыятызм.
Дэлегаты канферэнцыі падвялі вынікі работы за справаздачны перыяд і абмеркавалі задачы на будучае.
Пасля канферэнцыі з некаторымі яе ўдзельнікамі мы паразмаўлялі пра перспектывы арганізацыі, аб тым, чым яна прываблівае людзей.
Таццяна Гур’ева,
старшыня Мінскай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь”:
— Зараз даволі часта падымаецца пытанне, ці стане наша арганізацыя палітычнай партыей? Хачу падкрэсліць, што “Белая Русь” застанецца грамадскай структурай. Яна будзе выконваць тыя ж функцыі, што і выконвае зараз. “Белая Русь” аб’ядноўвае людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якія імкнуцца рабіць добрыя справы і для сваёй краіны, і для свайго горада, і для сваёй вёскі. І разам у нас атрымліваецца здзейсніць тое, што цяжка зрабіць аднаму.
Ганна Скорая,
старшыня раённай арганізацыі
РГА “Белая Русь”:
— Нашай раённай структуры ў першую чаргу неабходна павялічыць свае рады. Я упэўнена, што ў рэгіёне ёсць нямала людзей, якія прытрымліваюцца дзяржаўнай пазіцыі і хацелі б стаць членамі РГА “Белая Русь”. Я бы хацела зрабіць упор на ўзаемадзеянне з моладдзю. Бо маладыя людзі — гэта менавіта тыя, хто будзе весці арганізацыю ўперад.
Аксана Брывач,
старшыня першаснай арганізацыі сярэдняй школы №4 горада Мар’іна Горка:
— Мне ўвесь час хочацца нешта рабіць. Мабыць, таму я не толькі з’яўляюся членам “Белай Русі”, але працую і з піянерскай арганізацыяй, і з валанцёрамі “Чырвонага Крыжа”, з БРСМ. Ва ўсіх гэтых арганізацыях шмат агульнага. Калі нешта робіць піянерская арганізацыя — падключаецца БРСМ. З моладдзю побач і “Белая Русь”. І гэта добра, бо так забяспечваецца пераемнасць. Напрыклад, у нашай школе ёсць маладыя настаўнікі, якія з’яўляюцца адначасова членамі і БРСМ, і “Белай Русі”.
Наталля ПАРХОМЧЫК.