У сельскагаспадарчых арганізацыях прыступаюць да сяўбы люцэрны
У сельскагаспадарчых арганізацыях прыступаюць да сяўбы люцэрны — кармавой культуры, якая змяшчае ў сабе ўсе каштоўныя рэчывы, патрэбныя для таго, каб атрымаць ад кароў вялікую колькасць малака.
Люцэрна займае адмысловае месца ў кліне шматгадовай травы. У сельгасарганізацыях раёна сёлета яе плануюць пасеяць на плошчы 660 гектараў для атрымання збалансаваных кармоў.
З мэтай аказання матэрыяльнай дапамогі гаспадаркам, дзяржавай другі год выдзяляецца субсідыя для набыцця насення гэтай бялковай культуры. Па словах начальніка аддзела вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Святланы Карзанавай, ужо закуплена 7,2 тоны насення расійскага гатунку і амаль па адной тоне насення італьянскага гатунку “эзеліна” і нямецкага гатунку “плато”.
У ПСУ “Рудзенскае” да сяўбы люцэрны ўжо прыступілі. 60 гектараў засеялі насеннем, якое закупілі самастойна. Займаўся гэтай работай Андрэй Санько. Ён жа будзе сеяць і астатнія 50 гектараў насеннем, закупленым па дзяржаўнай праграме.
Як адзначыў галоўны аграном ПСУ “Рудзенскае” Ягор Вашкевіч, люцэрна — культура вельмі пажыўная. У яе магутная каранёвая сістэма, дзякуючы якой нават пры такім засушлівым надвор’і, якое было, на-прыклад, летась, дае нядрэнны ўраджай.
— Для люцэрны мы вылучаем самыя лепшыя палі, — кажа галоўны аграном. — За сезон у залежнасці ад надвор’я яна можа даваць 3-4 укосы. Летась, напрыклад, атрымалі два ўкосы. Люцэрна — культура шматгадовая: можа даваць ураджай да 7 гадоў. Сеем яе пад аднагадовыя культуры: авёс з пялюшкай.
Люцэрна лічыцца “каралевай” кармавых культур, дзякуючы выдатным якасцям як самой расліны, так і атрыманых з яе кармоў. Каштоўныя кармы выкарыстоўваюць для выпасу жывёлы або нарыхтоўваюць у выглядзе зялёнай масы, сена, сіласу і сенажу. Люцэрна карысная для жывёлы, паколькі змяшчае шмат сырога пратэіну, каштоўных амінакіслот, дзякуючы чаму спрыяе інтэнсіўнаму росту маладняку, павышэнню імунітэту і рэпрадуктыўнай функцыі жывёлы.
Першы ўраджай гэтай кармавой культуры ў ПСУ “Рудзенскае” плануюць атрымаць ужо ў чэрвені-ліпені.
Анастасія ПЛЯТНЁВА.