Да 1 ліпеня ўсе збожжаўборачныя камбайны ў раёне павінны быць на лінейцы гатоўнасці

Толькі нядаўна, здаецца,  была пастаўлена кропка ў веснавой сяўбе, як ужо не за гарамі ўборка ўра-джаю. На палях наліваецца цяжкі колас, а ў сельгасарганізацыях тым часам ідзе  падрыхтоўка да жніва.

Аляксандр Лешчанка і Аляксандр Чарнашэй

Да 1 ліпеня ўсе збожжаўборачныя камбайны павінны быць на лінейцы гатоўнасці.

У КСУП “Голацк” убіраць ураджай будзе сем  камбайнаў як імпартнай, так і айчыннай вытворчасці.

— Тэхніку да жніва мы пачалі рыхтаваць з пачатку лета, — расказаў намеснік дырэктара КСУП “Голацк” Аляксандр Лешчанка.  — Спачатку знялі яе з захоўвання, загадзя закупілі запасныя часткі.  З-за санкцый на некаторыя з іх  значна выраслі цэны, таму імкнемся выкарыстоўваць любую магчымасць аднаўляць старыя запчасткі ў спецыялізаваных арганізацыях. Ёсць, вядома, складаныя і дарагія рамонты, бо магутная тэхніка эксплуатуецца шмат гадоў. А нагрузка на кожны камбайн  складзе больш за 400 гектараў.

Дзмітрый Прохарчык і Міхаіл Прохарчык рамантуюць зараз “Дон-1500Б”, Мікалай Тарасевіч —  “Лексіён-580”.  Складаны  рамонт вядзе Уладзімір Камароў, які мяняе  жняяркі  на  камбайне “Лексіён-570”.

Акрамя камбайнаў, будзе працаваць трактар “Беларус-3022” з прэсам ППРА-155 і пяць трактароў “Беларус” з прэсамі ПРФ-180 на прэсаванні саломы. А таксама сем машын  задзейнічаюць на адвозцы збожжа,  саломы. Яшчэ адна машына будзе перавозіць збожжа на зернесушыльным комплексе.

У гаспадарцы кожны  адказвае за замацаваную тэхніку. Усе механізатары — вопытныя. У кожнага камбайнёра за плячыма не адно жніво. Напрыклад, Аляксандр Чарнашэй працуе ў Голацку з 1989 года. Ён памятае яшчэ часы, калі ўбіраў ураджай з поля на камбайне “Ніва”. Гэтымі днямі ён рыхтуе да жніва  “Дон-1500Б”. На ім камбайнер будзе малаціць збожжа ўжо 11 сезон.

— Працы  нямала, — кажа Аляксандр Віктаравіч. — Аднак я ведаю ў камбайне амаль усе вузлы, таму спраўляюся з рамонтам. Жніво   чакаю, бо гэта вельмі добрая пара. У мінулым годзе ўбіраў ураджай разам з сынам Сяргеем. Намалацілі 1200 тон збожжа. І нават быў удастоены гонару пабываць на свяце хлебаробаў — абласных “Дажынках”  у Капылі. Спадзяюся, што і сёлета зямелька наша аддзячыць ураджаем.

Анастасія   ПЛЯТНЁВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *