У сельскагаспадарчых арганізацыях раёна касавіца набірае абароты

Першы ўкос шматгадовай травы, як вядома,  толькі пачатковы этап нарыхтоўкі кармоў, якая будзе працягвацца да глыбокай восені. Але разам з тым ён і самы ўраджайны. Цяпер травы падышлі ў развіцці да аптымальнай фазы для ўборкі, і таму аграрыі імкнуцца не ўпусціць магчымасці ўбраць іх. Да таго ж, нават нябесная канцылярыя спрыяе выкананню гэтай важнай сельскагаспадарчай кампаніі.

“Зялёнае” жніво ў КСУП «Шацк» сёлета пачалося з уборкі азімай свірэпіцы, якая падышла да ўборкі першай. Яна займала ў гаспадарцы 64 гектары. Выкарыстоўвалі свірэпіцу на корм жывёле, прычым не толькі свайму пагалоўю, але і падтрымалі сакавітымі зялёнымі кармамі жывёлу  суседніх гаспадарках. Каб поле не гуляла і была магчымасць атрымаць два ўраджаі, гектары,  якія вызваліліся ад свірэпіцы,   засеялі кукурузай.

 

Андрэй Баёк і Аляксандр Кляўко

У сельгасарганізацыі адно з самых вялікіх пагалоўяў буйной рагатай жывёлы — 3500 галоў, таму і нарыхтаваць кармоў трэба шмат. Плануецца атрымаць каля 30 цэнтнераў кармавых адзінак травяных кармоў разам з кукурузай  на ўмоўную галаву. Першым укосам неабходна скасіць 1250 гектараў бабова-злакавай шматгадовай травы, закласці пяць траншэй.

Першую траншэю заклалі на МТК «Бор». Працэс нарыхтоўкі пастаянна кантралююць ветэрынарны ўрач і галоўны аграном.

З новай касой з 9-метровым захопам, якую  сёлета  набылі,  працуе  Анатоль Лабанок. У дзень пры заданні 39  гектараў ён скошвае 50 гектараў траў.  Ужо скасіў 450 гектараў. Зграбае сянажную масу  Георгій  Фурс.  Тэхніка  Георгія     Сяргеевіча ў надзейных руках.  Ён  рыхтуе і рамантуе яе сам. Дзякуючы яго  беражліваму стаўленню, тэхніка спраўна працуе і не  падводзіць у  напружаны  перыяд асноўных сельскагаспадарчых кампаній. А працуе  Георгій  Фурс  і на  нарыхтоўцы  кармоў, і на пасяўной, і на жніве.

— Калі без прывычкі, то кіраваць 9-метровымі граблямі вельмі складана,  — кажа механізатар. —  Я 42 гады працую ў гаспадарцы і ведаю ўсе тонкасці.

На пытанне, якую працу падабаецца выконваць больш, механізатар з усмешкай адказвае:

— Я працы не баюся, душа ляжыць да ўсіх работ у полі. Проста трэба старацца і ўсё атрымаецца.

На падборы валкоў заняты Аляксандр Кляўко. Ён падабраў ужо 1955 тон. Каб зялёны канвеер працаваў без перабояў, арганізавана адвозка: на ёй заняты аўтамашына МАЗ і чатыры трактары. Прычым, возяць «зялёнку» не толькі ў сянажную траншэю, але і на корм жывёле.

Цяпер працоўны дзень пачынаецца ў 7 гадзін. Перад яго  пачаткам — абавязковае бягучае тэхабслугоўванне.

Галоўны аграном сельгасарганізацыі Марыя Цымановіч адзначае, што ўраджайнасць траў зараз складае 120 цэнтнераў з гектара, што значна больш, чым летась. Каб атрымаць такі ўраджай, пастараліся выканаць увесь комплекс неабходных мера-прыемстваў: своечасова пасеялі, рана вясной  падкармілі. Зараз важна, каб і надалей была ўмераная тэмпература паветра і  дастатковая колькасць ападкаў. Тады ёсць надзея на добры другі ўкос. Да таго ж,  пасля першага ўкоса шматгадовую траву падкармліваюць азотнымі ўдабрэннямі, як таго і патрабуе тэхналогія. Паспеюць яшчэ 300 гектараў аднагадовай травы, якія будуць убіраць другім укосам.

У сельгасарганізацыі пастараліся стварыць усе ўмовы для плённай работы на нарыхтоўцы кармоў. Тут разумеюць, што зараз вельмі адказны час, які нельга ўпусціць. Нарыхтуюць якасныя кармы зараз — будуць прыбаўленні ў вазе і надоі зімой. Таму ўсе стараюцца, бо агульны вынік  залежыць ад  сумленнай  працы  кожнага.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *