У сельскагаспадарчых арганізацыях раёна пачалі нарыхтоўку кукурузнага сіласу
Адны з самых вялікіх плошчаў, на якіх вырошчвалі кукурузу, — у КСУП «Індустрыя-СГ» — 1240 гектараў і «Шацк» — 1200.
А самую вялікую ўраджайнасць гэтай культуры атрымліваюць у КСУП «Агра-Абярэг»: з кожнага гектара па 350 цэнтнераў. Вырошчвалі «каралеву палёў» на 800 гектарах. Ураджай з 700 гектараў плануюць закласці на сілас, са 100 гектараў — на зерне.
У гаспадарцы ўжо трэці год вырошчвалі кукурузу разам са сланечнікам палоснымі пасевамі, якія займалі 28 гектараў. І вельмі задаволены атрыманым ураджаем: каля 450 цэнтнераў з гектара. Гэтай сумясі заклалі ў траншэю 1300 тон. Зараз у КСУП «Агра-Абярэг» корманарыхтоўка набірае абароты. Збожжа кукурузы знаходзіцца ў васковай спеласці. Менавіта ў такім стане яно мае найбольшую пажыўнасць і карыснасць для жывёлы. На двух КВК-800 убіраюць ураджай Сяргей Граблюк і Фёдар Хадыка. У дзень яны могуць убраць до 20 гектараў кукурузы.
Каб скараціць адлегласць пры перавозцы зялёнай масы, па магчымасці садзілі кукурузу недалёка ад фермы. Самае далёкае поле — на адлегласці пяці кіламетраў.
— Гэты год для цеплалюбівай кукурузы быў не зусім спрыяльны, — адзначае галоўны аграном КСУП «Агра-Абярэг» Максім Шабан. — Увесну было вельмі вільготна і холадна, а ўлетку стаяла засушлівае надвор’е. А яшчэ на ўраджаі адбіваюцца вераснёўскія замаразкі. За 11 гадоў, што я працую ў гаспадарцы, такіх не прыгадаю. І гэта можа істотна паўплываць на корманарыхтоўку.
Усяго неабходна нарыхтаваць 25 тысяч тон сіласу. З 20 траншэй 12 запоўніць пажыўным бялковым кормам з кукурузы.
Анастасія ПЛЯТНЁВА.