У сельскагаспадарчых арганізацыях раёна стартавала касавіца

У сельскагаспадарчых арганізацыях раёна стартавала касавіца. Пачалі весці нарыхтоўку кармоў у СУП «Дукора-Агра». З першага ўкосу траў тут разлічваюць нарыхтаваць больш за 10 цэнтнераў кармавых адзінак у разліку на ўмоўную галаву жывёлы.

— Гэтым укосам нам трэба будзе скасіць, як і ў мінулым го-дзе, 1050 гектараў траў, — кажа дырэктар СУП «Дукора-Агра» Дзмітрый Шынкарэнка. Мы вырошчвалі бабовыя і бабова-злакавыя культуры, 250 гектараў адвялі пад люцэрну.

Спачатку траншэю на 1100 тон заклалі каля МТФ «Харавічы» за тры з паловай дні, як таго патрабуе тэхналогія. Усяго тут пабудаваны шэсць такіх траншэй, якія трэба будзе запоўніць сакавітымі кармамі.

Брыгадзір паляводчай брыгады Ганна Ляхавец  сочыць за працэсам закладкі  сенажу. Вільготнасць корму павінна складаць 55 працэнтаў, а тэмпература не можа быць вышэй за 36 градусаў. Раўнамерна размяркоўвае і трамбуе зялёную масу на Амкадор ТО-332 Мікалай Сямейка.

— Травы цяпер стаяць добрыя, —  адзначае вопытны механізатар сельгаспрадпрыемства Уладзімір Давыдзенка. — Касіць такія — задавальненне. Ураджайнасць іх даходзіць да 150 цэнтнераў з гектара, а цімафееўкі і таго больш. Тэхніку добра падрыхтавалі да корманарыхтоўчай кампаніі, таму абыходзіцца без істотных паломак. Працаваць пачынаю ўжо ў 7 гадзін раніцы, а на мехдвор вяртаюся каля дзевяці вечара. У поле прывозяць гарачыя абеды, таму перапынкі ў рабоце мінімальныя. Застаецца толькі ўдарна працаваць. Усе ўмовы для гэтага створаны.

Усяго трэба нарыхтаваць 15 тысяч тон сенажу за ўвесь сезон, забяспечыўшы кармамі вялікае пагалоўе. Толькі дойны статак сельгаспрадпрыемства налічвае 1205 галоў.

— Самы асноўны ўкос — першы, — лічыць Дзмітрый Шынкарэнка. — На яго робім галоўную стаўку.  На 200 гектарах, дзе ў нас злакавыя культуры, унясём удабрэнні, каб  хутчэй вырасталі. Надвор’е для росту траў вельмі спрыяльнае: у глебе дастаткова вільгаці і цяпла. У мінулым годзе нам прыйшлося паўтара месяца чакаць пачатку другога ўкосу. Падобна на тое, што ў гэтым годзе ён пачнецца значна хутчэй, дзякуючы  цёпламу надвор’ю, якое нарэшце прыйшло да нас.

Анастасія  ГЛЕБАВА.

У сельскагаспадарчых арганізацыях раёна стартавала касавіца: 1 комментарий

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *