Уборка свірэпіцы ў сельгасарганізацыях доўжыцца некалькі дзён

Здымак носіць ілюстрацыйны характар.

У сельгасарганізацыях раёна вялікую ўвагу надаюць вырошчванню свірэпіцы. З гэтай культуры аграрыі атрымліваюць якасныя кармы, багатыя бялком. Да таго ж, свірэпіца рана выспявае і непатрабавальная ў вырошчванні.

Сёлета пад свірэпіцу аграрыі адвялі 634 гектары. Вырошчвалі яе амаль ва ўсіх сельгасарганізацыях. Ужо ўбрана на зялёны корм 100 працэнтаў, а на насенне свірэпіца яшчэ даспявае. Ураджайнасць па раёне складае 88 цэнтнераў з гектара.

У сельгасфіліяле «Чырвоны май» нарыхтоўваюць гэты пажыўны корм у палімерную ўпакоўку.

— У КСУП «Турынскае» сёлета вырошчвалі азімую свірэпіцу на плошчы 80 гектараў —  расказаў выконваючы абавязкі  галоўнага   агранома   прадпрыемства  Сяргей  Пракапенка. — З першых дзён уборкі зялёная маса з свірэпіцы дастаўляецца на фермы. Культура гэтая вельмі пажыўная і карысная. На  жаль,  у  гэтым  годзе ўраджайнасць ніжэй, чым у мінулыя гады. Зацяжныя  дажджы крыху паўплывалі на працэс уборкі культуры, бо зялёную масу неабходна не толькі здрабніць, але і правяліць.

Уборка свірэпіцы ў сельгасарганізацыях доўжыцца літаральна некалькі дзён. Гэтая культура з’яўляецца   прамежкавай:  яна  не  займае спецыяльнага поля ў севазвароце. Як толькі корманарыхтоўчы камбайн прыбярэ зялёную масу, уносяцца ўдабрэнні, а поле пераворваецца і засяваецца іншымі культурамі.

Анастасія  ГЛЕБАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *