Урач-бактэрыёлаг Аксана Лупанава занесена на раённую Дошку гонару

Аксана Лупанава.

Прыклад сапраўднай жанчыны, маці, гаспадыні і добрага адказнага работніка?.. Галоўны санітарны ўрач раёна Алена Пархімчык не думае, здаецца, ні хвіліны і, нягледзячы на тое, што магла б назваць шмат імёнаў (калектыў цэнтра — пераважна жаночы), называе ў гэты раз імя Аксаны Лупанавай, урача-бактэрыёлага, загадчыка лабараторнага аддзела раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі,  старшыні прафсаюзнага камітэту.

— Прыгожая жанчына, клапатлівая жонка, маці і бабуля, майстар на ўсе рукі: яна і прыгатуе, і звяжа, і песню напіша, калі бу-дзе ў тым патрэба. І ўсё гэта — Аксана Іванаўна. Чалавек, які ўвасабляе ў сабе лепшыя жаночыя якасці. Да таго ж, гэта прафесіянал у сваёй справе.

Аксана Лупанава ў прафесію прыйшла невыпадкова: у гэтай сферы працавалі яе бацька і маці.  Бацька, Іван Чэркас, у свой час быў галоўным санітарным урачом раёна.

Яго любоў да прафесіі, яго аўтарытэт сталі для Аксаны Іванаўны вырашальнымі фактарамі на карысць выбару навучальнай установы, па заканчэнні якой малады спецыяліст вярнулася працаваць на радзіму. І вось ужо без малога 30 гадоў працуе тут.

Праца, упэўнена Аксана Іванаўна, у яе важная і патрэбная. Лабараторыя займаецца суправаджэннем санітарнага  нагляду і аказаннем паслуг прадпрыемствам раёна па ажыццяўленні лабараторнага кантролю. Гэта значыць, што кожны су-працоўнік штодня становіцца свайго роду гарантам нашай бяспекі, бо мы — спажыўцы прадукцыі, якасць якой кантралюецца ў цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

Працуюць спецыялісты і з насельніцтвам раёна па прафілактыцы і выяўленні інфекцыйных захворванняў.

— Аксана Іванаўна — добрасумленны работнік, які на высокім прафесійным узроўні выконвае свае  службовыя абавязкі, — расказвае Алена Пархімчык.— Яе паважаюць і цэняць у калектыве таксама за выдатныя чалавечыя якасці: добразычлівасць, спагадлівасць, жаданне дапамагчы калегам, якім патрэбна падтрымка як у прафесійных, так і ў асабістых пытаннях. Напэўна, менавіта таму Аксана Лупанава ўжо 6 гадоў узначальвае і нашу прафсаюзную арганізацыю.

А дома Аксана Іванаўна — гаспадыня, якая смела бярэцца за любую справу. Кожны новы дзень — гэта, лічыць яна, новы вопыт, новыя ідэі, новая праца. Галоўнае — заставацца актыўным і не баяцца рухацца наперад. Так яна і робіць, заахвочваючы сваіх блізкіх і калег па рабоце. Яны кажуць, што ў яе сапраўдны талент на тое. Яна ж лічыць, што гэта проста вопыт і неабыякавасць.

Зрэшты, быць ініцыятыўнай і любіць грамадскую працу без наяўнасці асаблівага таленту і жадання наўрад ці атрымаецца. Як і без зваротнай падтрымкі.

— У нас выдатны калектыў, у якім арганічна злучаны вопыт і маладосць, — кажа Аксана Лупанава.— Старэйшае пакаленне дзеліцца ведамі з моладдзю, а моладзь зараджае нас сваёй энергіяй. Таму жыццё ў калектыве ў нас цікавае: мы разам і ў будні, і ў святы…

Алена  ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *