Вучаніца СШ №2 горада Мар’іна Горка адной з першых сярод дзяцей прайшла вакцынацыю супраць каранавіруснай  інфекцыі

Медыцынская сястра Наталля Сырэц і Ангеліна Мянякіна.

Вучаніца СШ №2 горада Мар’іна Горка Ангеліна Мянякіна адной з першых сярод дзяцей нашага раёна прайшла вакцынацыю супраць каранавіруснай  інфекцыі.

— Адзнака аб прышчэпцы супраць каранавіруса мне патрэбна для таго, каб я магла паехаць у санаторый, — кажа Ангеліна. — Але нават калі б не гэтая нагода, я ўсё роўна зрабіла б прышчэпку. У нашай сям’і, на жаль, практычна ўсе перахварэлі на каранавірус, і таму пры першай магчымасці прайшлі вакцынацыю і  рэвакцынацыю. Я спакойна перанесла прышчэпку. Не было ніякіх сімптомаў. Але з’явілася пачуццё абароненасці.

Лічбы ўсё яшчэ застаюцца дастаткова высокімі. Больш за тое, спецыялісты РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Міністэрства аховы здароўя Беларусі выявілі ў тэстах чатырох чалавек новы варыянт каранавіруса —  амікрон.  Гэта першыя, па паведамленні прэс-службы Міністэрства аховы здароўя, пацверджаныя выпадкі заражэння новым штамам у Рэспубліцы Беларусь. І відавочна — не апошнія. Таму пытанні вакцынацыі з парадку дня не здымаюцца. І зараз акрамя дарослага насельніцтва вакцыніравацца дазволена дзецям ва ўзросце 12-17 гадоў.

Працэдуру вакцынацыі дзяцей ад каранавіруснай інфекцыі згодна з пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 30 снежня 2021 года № 132 унеслі ў пералік прафілактычных прышчэпак па эпідпаказаннях.

— Падчас чацвёртай хвалі каранавіруса ў рэспубліцы колькасць захварэўшых сярод дзяцей і падлеткаў істотна вырасла. Тэндэнцыя, на жаль, захоўваецца, таму бацькам трэба задумацца над тым, каб абараніць дзяцей ад хваробы, — кажа галоўны ўрач Мар’інагорскай ЦРБ Людміла Жарынава. — У Беларусі вакцыніраваць дзяцей ад каранавіруса пачалі 27 снежня. Вакцынацыя выконваецца кітайскім прэпаратам Vero Cell («Сінафарм»). Прышчэпку можна рабіць не раней як праз 6 месяцаў пасля перанесенай дзіцём інфекцыі COVID-19 пры ўмове адсутнасці супрацьпаказанняў да вакцынацыі. Яна, дарэчы, будзе праводзіцца на добраахвотнай аснове непасрэдна ва ўстановах адукацыі. Безумоўна, бацькі могуць прывесці сваіх дзяцей і ў паліклініку па месцы жыхарства.

З дапамогай вакцынацыі, хочацца яшчэ раз нагадаць, можна прадухіліць рост захворванняў і не дапусціць развіцця цяжкіх форм і шпіталізацыі пацыентаў.

Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, адну дозу вакцыны атрымалі ўжо больш за 3,7 тысячы беларускіх дзяцей.

Алена ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *