Выехаць, разабрацца, навесці парадак…

Такія даручэнні атрымалі спецыялісты розных служб пасля прыёму грамадзян,  які правёў Андрэй Атрушкевіч.

Вёска Зазерка расцягнулася  прыкладна на 4 кіламетры. А ў ёй толькі два прыпыначныя пункты, дзе маршрутныя аўтобусы могуць высаджваць і забіраць пасажыраў. Некаторым людзям даводзіцца праходзіць па паўтары кіламетры  да свайго дома. Пра такую праблему рассказала жыхарка вёскі Зазерка старшыні раённага выканаўчага камітэта Андрэю Атрушкевічу падчас “прамой тэлефоннай лініі” і прыёму грамадзян, якія ён праводзіў у Шацкім сельвыканкаме.

Праблемы, з якімі жыхары раёна звярнуліся да яго кіраўніка, былі жыццёвыя.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар.

У вёсцы Талька сабака пакусаў дзіця. Вылавіць сабаку аказалася праблемай для мясцовых жыхароў. І ад спецыялістаў, абавязаных займацца такой справай, дапамогі не дачакаліся. Што рабіць у такой сітуацыі, вырашылі пацікавіцца ў кіраўніка раёна.

Адна з жыхарак Шацка задалася пытаннем, ці ёсць устаноўленыя тэрміны, у якія пасля звароту камунальныя службы абавязаны спілаваць аварыйнае дрэва. Жанчыну турбуе  дрэва  на  грамадзянскіх могілках у Лявонавічах, якое, на яе думку, можа ўпасці.

Жыхарка Мар’інай Горкі паскардзілася старшыні райвыканкама на тое, што з ёй не працягваюць кантракт, а яна хацела б застацца на працы.

Жыхарку вёскі  Чырвоны Кастрычнік насцярожвае незачынены  падвал у былой школе, якая, дарэчы, не належыць упраўленню па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама: будынак некаторы час таму быў прададзены. Зараз у яго падвале  гуляюць дзеці, а там ёсць прадметы, для гульняў зусім не прызначаныя.

«Службы выедуць, разбяруцца і навядуць парадак», — такімі ў асноўным былі адказы. Усе  гэтыя  пытанні  будуць  знаходзіцца на кантролі. Але трэба разумець, што сабаку, які кусае дзяцей, можна хутка адлавіць, і дрэва на могілках убраць, асабліва калі зацікаўленыя ў гэтым людзі таксама акажуць дапамогу. А вось пытанне з арганізацыяй дадатковых прыпыначных пунктаў хутка не вырашыцца, асабліва калі спатрэбіцца праводзіць некаторыя будаўнічыя работы.

Але было пытанне, на якое яго аўтар адразу атрымаў канкрэтныя адказ. Жыхар Мар’інай Горкі пацікавіўся, чаму б не назваць плошчу ля раённага цэнтра культуры імем Ігара Лучанка. Грамадзяніну нагадалі, што імя знакамітага беларускага кампазітара, які лічыў наш горад сваёй малой радзімай, у Мар’інай Горцы ўжо носіць вуліца, на якой знаходзіцца бацькоўскі дом Лучанка.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *