Вырашчаны ўраджай — заслуга ўсяго калектыву ААТ «Агра-Абярэг»

Аграном Максім Шабан, вадзіцель Іван Турко, механізатар Мікалай Ляпёшка.

Сёлета хлебаробам ААТ «Агра-Абярэг» неабходна было ўбраць адну з самых вялікіх плошчаў у раёне —  2650 гектараў зерневых і зернебабовых культур. У гаспадарцы намалот склаў 10 тысяч 143 тоны збожжа пры сярэдняй  ураджайнасці  38,3 цэнтнера з гектара,  што значна больш чым летась. І гэта нягледзячы на тое, што сёлета аграрыям не шанцавала з надвор’ем.

Але ўсё ж  вынік гэты добры. І ён  не выпадковы, перакананы дырэктар сельгаспрадпрыемства Пётр Казак. За гэтымі лічбамі  —  праца людзей.

—  Толькі дзякуючы  настойлівай працы ўсяго калектыву, які з адказнасцю і веданнем справы падышоў да ўборачнай кампаніі, мы справіліся, — адзначае Пётр Васільевіч.

У ААТ «Агра-Абярэг» у  гэтым сезоне   намалацілі  1065 тон  рапсу, што на  405 тон больш, чым летась. Глебы ў гаспадарцы не самыя ўрадлівыя, але,  тым не менш,  аграрыі атрымалі нядрэнны ўраджай гэтай  алейнай культуры — 21 цэнтнер з гектара. Мінеральнымі ўдабрэннямі былі забяспечаны, да працы своечасова падрыхтавалі тэхніку. Калі б не дажджы, то  за 20-24 працоўныя дні ўбралі б збожжа з палеткаў. Але, разам з тым,  гэта дазволіла дапрацоўваць збожжа спакойна,  без аўралу.   На  ЗСК-40  каля 6 тысяч тон збожжа дапрацавалі Аляксандр Антончык і Уладзімір Гладкі, а на  М-819 Сяргей Граблюк і Васіль Жарыкоў дапрацавалі  каля 2 тысяч тон.

У час жніва Віктар Граблюк прасаваў да 250-300 рулонаў саломы ў дзень.

— Лепш за ўсё ўрадзіла  азімая пшаніца, — кажа Пётр Васільевіч. — На 20 гектарах доследных участкаў выпрабоўвалі насенне гібрыднага жыта гатунку «бона». Пераканаліся, што ўраджай  у два разы вышэйшы за  звычайны,  таму ў наступным годзе будзем пашыраць доследныя плошчы і рабіць стаўку на імпартнае насенне.

Перш за ўсё выканалі дзяржзаказ. Ён  самы вялікі ў раёне:  1870 тон  (1200 тон пшаніцы  і  670 тон жыта).

Механізатар Уладзімір Хадыка за сезон запрасаваў 4,5 тысячы рулонаў саломы.
Цяпер Уладзімір Віктаравіч заняты на ворыве. У дзень ён рыхтуе 8-10 гектараў плошчы.

Сёлета ўбіралі зерневыя 9 камбайнаў, на якіх працавалі  вопытныя механізатары. У некаторыя дні ўсе разам яны  намалочвалі да  700 тон збожжа.

У ААТ «Агра-Абярэг»  чатыры камбайнеры намалацілі больш за тысячу тон збожжа:   Уладзімір Пакроўскі — 1497 тон, Уладзімір Асіпук —  1447 тон, Мікалай Ляпёшка  — 1185 тон, Сяргей Лабус —  1611 тон.

Другі сезон працаваў на жніве Сяргей Граблюк. У змене з Васілём Жарыкавым на ЗСК-40 яны прасушылі 2 тысячы тон збожжа.

Вадзіцелі своечасова адвозілі  збожжа ад камбайнаў. У лідарах былі Андрэй Лабус, які перавёз 1504 тоны, Уладзімір Сянкевіч — 1472 тоны, Юрый Есімчык  — 1423 тоны,  Васіль Моўчан — 1403 тоны, Слава Чэрнік — 1008  тон. Сяргей Бялевіч  на старэнькай машыне ГАЗ-САЗ-3507  перавёз 813 тон збожжа. Прычэп машыны ўмяшчае ўсяго 4-5 тон, таму вадзіцель  зрабіў  больш за дзвесце рэйсаў за жніво.

Важнай задачай была і нарыхтоўка саломы.  Летась у гаспадарцы адчуваўся яе дэфіцыт,  таму сёлета  запрасавалі амаль на 2 тысячы тон больш.  За кошт бюджэту набылі прэспадборшчык ПРФ-180, на якім  ужо адпрацавалі першы сезон.  На прасаванні былі заняты Віктар Граблюк і два Уладзіміры  Хадыкі.

Пасля ўборкі збожжавых Уладзімір Міхаленя займаецца ворывам і культываваннем глебы. Ён падрыхтаваў ужо 450 гектараў.

Вядома, вырашчаны ўраджай — заслуга ўсяго калектыву сельгасарганізацыі, і асабліва агранамічнай службы.  Шмат гадоў працуе галоўным аграномам Раіса Есімчык, якая ведае і любіць сваю справу. Аграном Максім Шабан хоць і малады, але глыбока ўнікае ва ўсе сакрэты земляробства.   Добра спрацавала таксама інжынерная служба на чале з галоўным інжынерам Валянцінам Сайкоўскім.

Малады камбайнер Уладзімір Асіпук на жніве намалаціў больш за тысячу тон збожжа.

Пасля ўборкі збожжавых камбайнеры пераселі на трактары і прыступілі да ворыва і сяўбы. Цяпер ідзе закладка ўраджаю будучага года. Ужо пасеялі 500 гектараў рапсу, 60 гектараў свірэпіцы. Завяршаецца сяўба азімых збожжавых, якіх неабходна пасеяць 1600 гектараў.

Уборачная  праходзіла адначасова з нарыхтоўкай  кармоў. У ААТ «Агра-Абярэг»  адно з самых вялікіх пагалоўяў КРС у раёне, таму   закладцы кармоў надаецца  асаблівая ўвага.  Ужо нарыхтавана 13 тысяч тон сенажу і 13 тысяч  тон сіласу з разліку 23 кармавыя адзінкі на ўмоўную галаву.

У гаспадарцы разумеюць: будзе ў дастатку кармоў —  будзе развівацца і жывёлагадоўчая галіна. Зараз прадаюць па 23 тоны малака ў дзень. Толькі за 8 месяцаў бягучага года прыбаўка  склала 113 працэнтаў.  Гатункам экстра яго рэалізуюць 75 працэнтаў. Гэта вельмі добры паказчык.

Шмат гадоў  узначальвае калектыў Пётр Казак. Ён удумлівы,  граматны кіраўнік, які з павагай ставіцца да людзей, пры-слухоўваецца да думкі спецыялістаў, стараецца ўкараняць усё новае ў сваёй гаспадарцы.

Пётр Васільевіч глядзіць наперад, пралічвае кожны свой крок, каб  развівалася раслі-наводства, жывёлагадоўчая галіна. Таму гаспадарка ў ліку лепшых у раёне, а кіраўніка вельмі паважаюць у калектыве.

Людзі імкнуцца добра працаваць і атрымліваюць добрую  зарплату. Будуць расці эканамічныя паказчыкі, развівацца гаспадарка —  будзе магчымасць набываць тэхніку, будаваць жыллё,  паляпшаць дабрабыт працаўнікоў.

Анастасія   ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *