Вырашчаны ўраджай — заслуга ўсяго калектыву ААТ «Агра-Абярэг»
Сёлета хлебаробам ААТ «Агра-Абярэг» неабходна было ўбраць адну з самых вялікіх плошчаў у раёне — 2650 гектараў зерневых і зернебабовых культур. У гаспадарцы намалот склаў 10 тысяч 143 тоны збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 38,3 цэнтнера з гектара, што значна больш чым летась. І гэта нягледзячы на тое, што сёлета аграрыям не шанцавала з надвор’ем.
Але ўсё ж вынік гэты добры. І ён не выпадковы, перакананы дырэктар сельгаспрадпрыемства Пётр Казак. За гэтымі лічбамі — праца людзей.
— Толькі дзякуючы настойлівай працы ўсяго калектыву, які з адказнасцю і веданнем справы падышоў да ўборачнай кампаніі, мы справіліся, — адзначае Пётр Васільевіч.
У ААТ «Агра-Абярэг» у гэтым сезоне намалацілі 1065 тон рапсу, што на 405 тон больш, чым летась. Глебы ў гаспадарцы не самыя ўрадлівыя, але, тым не менш, аграрыі атрымалі нядрэнны ўраджай гэтай алейнай культуры — 21 цэнтнер з гектара. Мінеральнымі ўдабрэннямі былі забяспечаны, да працы своечасова падрыхтавалі тэхніку. Калі б не дажджы, то за 20-24 працоўныя дні ўбралі б збожжа з палеткаў. Але, разам з тым, гэта дазволіла дапрацоўваць збожжа спакойна, без аўралу. На ЗСК-40 каля 6 тысяч тон збожжа дапрацавалі Аляксандр Антончык і Уладзімір Гладкі, а на М-819 Сяргей Граблюк і Васіль Жарыкоў дапрацавалі каля 2 тысяч тон.
— Лепш за ўсё ўрадзіла азімая пшаніца, — кажа Пётр Васільевіч. — На 20 гектарах доследных участкаў выпрабоўвалі насенне гібрыднага жыта гатунку «бона». Пераканаліся, што ўраджай у два разы вышэйшы за звычайны, таму ў наступным годзе будзем пашыраць доследныя плошчы і рабіць стаўку на імпартнае насенне.
Перш за ўсё выканалі дзяржзаказ. Ён самы вялікі ў раёне: 1870 тон (1200 тон пшаніцы і 670 тон жыта).
Сёлета ўбіралі зерневыя 9 камбайнаў, на якіх працавалі вопытныя механізатары. У некаторыя дні ўсе разам яны намалочвалі да 700 тон збожжа.
У ААТ «Агра-Абярэг» чатыры камбайнеры намалацілі больш за тысячу тон збожжа: Уладзімір Пакроўскі — 1497 тон, Уладзімір Асіпук — 1447 тон, Мікалай Ляпёшка — 1185 тон, Сяргей Лабус — 1611 тон.
Вадзіцелі своечасова адвозілі збожжа ад камбайнаў. У лідарах былі Андрэй Лабус, які перавёз 1504 тоны, Уладзімір Сянкевіч — 1472 тоны, Юрый Есімчык — 1423 тоны, Васіль Моўчан — 1403 тоны, Слава Чэрнік — 1008 тон. Сяргей Бялевіч на старэнькай машыне ГАЗ-САЗ-3507 перавёз 813 тон збожжа. Прычэп машыны ўмяшчае ўсяго 4-5 тон, таму вадзіцель зрабіў больш за дзвесце рэйсаў за жніво.
Важнай задачай была і нарыхтоўка саломы. Летась у гаспадарцы адчуваўся яе дэфіцыт, таму сёлета запрасавалі амаль на 2 тысячы тон больш. За кошт бюджэту набылі прэспадборшчык ПРФ-180, на якім ужо адпрацавалі першы сезон. На прасаванні былі заняты Віктар Граблюк і два Уладзіміры Хадыкі.
Вядома, вырашчаны ўраджай — заслуга ўсяго калектыву сельгасарганізацыі, і асабліва агранамічнай службы. Шмат гадоў працуе галоўным аграномам Раіса Есімчык, якая ведае і любіць сваю справу. Аграном Максім Шабан хоць і малады, але глыбока ўнікае ва ўсе сакрэты земляробства. Добра спрацавала таксама інжынерная служба на чале з галоўным інжынерам Валянцінам Сайкоўскім.
Пасля ўборкі збожжавых камбайнеры пераселі на трактары і прыступілі да ворыва і сяўбы. Цяпер ідзе закладка ўраджаю будучага года. Ужо пасеялі 500 гектараў рапсу, 60 гектараў свірэпіцы. Завяршаецца сяўба азімых збожжавых, якіх неабходна пасеяць 1600 гектараў.
Уборачная праходзіла адначасова з нарыхтоўкай кармоў. У ААТ «Агра-Абярэг» адно з самых вялікіх пагалоўяў КРС у раёне, таму закладцы кармоў надаецца асаблівая ўвага. Ужо нарыхтавана 13 тысяч тон сенажу і 13 тысяч тон сіласу з разліку 23 кармавыя адзінкі на ўмоўную галаву.
У гаспадарцы разумеюць: будзе ў дастатку кармоў — будзе развівацца і жывёлагадоўчая галіна. Зараз прадаюць па 23 тоны малака ў дзень. Толькі за 8 месяцаў бягучага года прыбаўка склала 113 працэнтаў. Гатункам экстра яго рэалізуюць 75 працэнтаў. Гэта вельмі добры паказчык.
Шмат гадоў узначальвае калектыў Пётр Казак. Ён удумлівы, граматны кіраўнік, які з павагай ставіцца да людзей, пры-слухоўваецца да думкі спецыялістаў, стараецца ўкараняць усё новае ў сваёй гаспадарцы.
Пётр Васільевіч глядзіць наперад, пралічвае кожны свой крок, каб развівалася раслі-наводства, жывёлагадоўчая галіна. Таму гаспадарка ў ліку лепшых у раёне, а кіраўніка вельмі паважаюць у калектыве.
Людзі імкнуцца добра працаваць і атрымліваюць добрую зарплату. Будуць расці эканамічныя паказчыкі, развівацца гаспадарка — будзе магчымасць набываць тэхніку, будаваць жыллё, паляпшаць дабрабыт працаўнікоў.
Анастасія ПЛЯТНЁВА.