Як справы ў пухавіцкай глыбінцы?

Вёска на краі свету… Напэўна, вы не раз чулі такі выраз, звернуты ў адрас шэрагу беларускіх вёсак, аддаленых ад гарадоў. Яно і не дзіўна. Лёс дзясяткаў такіх населеных пунктаў развіваецца ўжо па стаўшым класічным сцэнарыі: моладзь з’язджае за перспектывамі ў горад, забываючы дарогу ў родныя мясціны. Тыя, хто застаецца, старэюць і сыходзяць з жыцця, а разам з імі і вёскі. Адны знікаюць зусім, другія ператвараюцца ў дачныя пасёлкі, але дачнікі — з’ява часовая.

Пра вёску Рэпішча Пухавіцкага раёна як раз можна сказаць: “Тая самая на краі свету”. Яна знаходзіцца за 23 кіламетры на ўсход ад раённага цэнтра. Назва яе была ўтворана ад наймення ўрочышча, дзе ўзнікла пасяленне. Поводле перапісу 1917 года ваколіца ў Пухавіцкай воласці Ігуменскага павета, 34 двары і 202 жыхары. Да Вялікай Айчыннай вайны ў Рэпішчы працавалі паравы млын, сталярная майстэрня, малочны завод, кузня. У вайну ў акрузе дзейнічала партызанская брыгада “Полымя”. І гэта ўсё, што мне ўдалося даведацца з гісторыі Рэпішча.

Вёска настолькі аддаленая ад райцэнтра, што мая паездка туды ў надзеі зрабіць рэпартаж аб сельскім жыцці заняла палову дня. Першыя ўражанні не прымусілі сябе доўга чакаць. Спачатку ў нас знік інтэрнэт і разам з ім адключыўся навігатар, таму мы доўга блукалі ў надзеі знайсці дакладную дарогу да вёскі. Потым ледзь не заблукалі на лясных дарогах. Мясцовае бездарожжа красовер пераадольваў з цяжкасцю.

Бязлюднае селішча, схаванае за шырокім кальцом лясоў, выклікала дваістыя пацуцці. З аднаго боку, адчуваеш яднанне з прыродай, з другога — адзіноту. І не верыцца, што ўсяго некалькі дзесяцігоддзяў таму тут віравала жыццё, вяскоўцы хадзілі адзін да аднаго ў госці, разам адзначалі святы і будавалі планы на будучыню.

Зараз жа ў вёсцы размешчана толькі 8 дамоў, афіцыйна зарэгістраваны 3 чалавекі, аднак на пастаяннай аснове пражывае ўсяго адзін. Астатнія — дачнікі, якія прыязджаюць на лета.

Знайсці дом, дзе жыве адзіны апошні жыхар вёскі Рэпішча, не складана: ён самы першы на ўездзе ў населены пункт. У адказ на пытанне, як гэта — быць у прамым сэнсе ў ліку апошніх жыхароў вёскі, гаспадар двара расказаў, што пераехаў сюды некалькі гадоў таму, каб збегчы ад гарадской мітусні. Завёў хатнюю гаспадарку, агароды. Увогуле, сумаваць няма часу. Але аказалася, што жыццё ўдалечыні ад гораду адметнае не толькі сваёй цішынёй ды пейзажамі, але і адсутнасцю інфраструктуры.

— У нас няма добрай дарогі, таму аўтакрама да нас проста не даязджае. Каб купіць хлеба, даводзіцца хадзіць за тры кіламетры ў суседнюю вёску, — дзеліцца мясцовы жыхар. — Праблема дрэнных дарог асабліва абвастраецца восенню, зімой і вясной: тады з вёскі не выедзеш нават на трактары. І транспарт, адпаведна, да нас ніякі не даходзіць. А каб паразмаўляць з кімсьці па сотавым тэлефоне, даводзіцца пашукаць месца, дзе ловіць сувязь.

Сапраўды, цікавае месца гэтае Рэпішча. Але вёска ўсё ж знікае. Зразумела: каб жыць, трэба добра зарабляць. А як зарабляць грошы там, дзе нават нічога няма? Таму моладзь і з’ехала ў пошуках лепшага. І хоць у нашым раёне робіцца вельмі шмат для таго, каб сяло адраджалася, гэта праблема існуе. Добра, калі б людзі ўсё ж не забывалі пра свае родныя мясціны і былі ў іх дбайнымі гаспадарамі.

А ўвогуле Рэпішча — месца цікавае! Чаго толькі не парасказвалі мне вяскоўцы! І што ваўкі па начах прабягаюць зграямі ля дамоў, і кабаны гуляюць на ўскрайку, і што каля лесу бачылі сапраўднага зубра. Усё, як у запаведнай зоне!

Алеся СМІРНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *