“Якое ж трэба мець сэрца, каб усё гэта перажыць?..”

“Якое ж трэба мець сэрца, каб усё гэта перажыць?..” Такія радкі ёсць у лісце Галіны  Мікалаевай з  вёскі  Бор  Навасёлкаўскага сельсавета, які яна даслала  ў  рэдакцыю як водгук на артыкул  “Успомнім  сваіх  салдат…”  (№13  ад  20 лютага 2021 года).

Яна расказала пра  сваіх родных і людзей, якія жылі побач з імі. Успаміны займаюць некалькі лістоў. Але мне захацелася зрабіць акцэнт на гісторыях матуль ваенных часоў, бо сапраўды, якое ж трэба мець сэрца, каб  перажыць тое, што тады  давялося перанесці  жанчынам? 

Мемарыяльны комплекс «Дальва».

У пачатку ліста аўтар расказвае пра сваю бабулю, Марыю Цімафееўну Іванцову з вёскі Пцічанскае. Яе мужа, Аляксандра Мікалаевіча Іванцова,  у 1939 годзе прызвалі на савецка-фінскую вайну. У армію жонка праводзіла яго разам з маленькай дачушкай Фаінай (маці аўтара ліста), а другую  ў гэты час насіла пад сэрцам.  Кармілец  у тым жа  1939 годзе загінуў. Марыі Цімафееўне прыйшоў ліст, з якога яна даведалася, што муж яе не вярнуўся з разведкі, а разам з ім і фотаздымак: у труне  ў форме чырвонаармейца ляжыць яе Аляксандр, а побач стаяць ваенны доктар і чатыры саслужыўцы.  Колькі  ўдоў у   нашай   краіне    да канца  свайго  жыцця  захоўвалі  фотаздымкі любых, не вярнуўшыхся з вайны! І колькі дзяцей толькі па здымках  ведалі сваіх бацькоў!

Цяжка прыходзілася жанчынам у гады Вялікай Айчыннай  вайны.  І асабліва тым, што апынуліся на акупаваных тэрыторыях. Шмат чаго пра тыя часы аўтар ліста даведалася ад сваёй маці. Пачула яна і такую гісторыю: “Немцы не адзін раз рабілі аблавы ў партызанскай зоне. Людзі з вёскі Пцічанскае тады праз балота ўцякалі  да ракі Пціч. Каб схавацца ад аўчарак, кідаліся ў ваду.  У час такой  аблавы на балоце разам з усімі шукала паратунку жанчына, якая адно малое дзіця несла за плячыма, падтрымліваючы рукой, а загорнутае ў коўдру  немаўля другой рукой прыціскала да грудзей. Лай нямецкіх аўчарак набліжаўся, а сілы  паступова пакідалі. І тады жанчына паклала немаўлятка на купіну, а з большанькім  дзіцяткам   пабегла   далей”.

Можна толькі здагадвацца, пра што думала тая жанчына. Хутчэй за ўсё, разумеючы, што разам выратавацца не атрымаецца, яна рабіла выбар: каб зберагчы аднаго, прынесці ў ахвяру другога. Не дай Божа ні адной маці  стаяць перад такім выбарам!

Праўда, гэта гісторыя з добрым канцом. Аўтар ліста расказвае: “За жанчынай бег настаўнік Емяльян Маркавіч Ляпіч. Ён,  доўга не думаючы, падхапіў дзіцятка на рукі і кінуўся за іншымі да ракі, дзе, стоячы ў кустах па шыю ў вадзе, на выцягнутых руках трымаў  немаўля да таго часу, пакуль мінула пагроза. Пасля  вайны  Емяльян  Маркавіч працаваў настаўнікам у вёсцы Бор. А выратаваны ім хлопчык вырас і часта прыязджаў у госці да свайго анёла-выратавальніка як да роднага бацькі”.

І тут мне вельмі хочацца паказаць, як цікава часам пераплятаюцца падзеі, устанаўліваюцца сувязі паміж людзьмі.  Справа ў тым, што расказаная Галінай Мікалаевай гісторыя  і адна з тых, што я  апісала ў артыкуле “Успомнім сваіх салдат…”, маюць  нітачку, якая іх звязвае. Я расказвала пра сваю стрыечную сястру Святлану Бабук, якая загінула ў Афганістане. Дык вось: Емяльян  Маркавіч Ляпіч — яе дзед  па  мацярынскай лініі. Выходзіць, што ён вырваў у смерці маленькага хлопчыка, а ў далейшым  лёс не  пашкадаваў  яго ўнучку…

Родныя Галіны Мікалаевай па бацьку — з вёскі Бор. І з гэтага боку ёсць трагічная жаночая гісторыя. Аўтар піша: “ Майго дзядулю з татавага боку звалі Іван Васільевіч Буцкевіч. Падчас адной з аблаў была паранена яго шаснаццацігадовая дачка Вольга: яна бегла па жытнёвым полі, калі яе дагнала куля. Дзяўчыну падабралі карнікі і некуды павезлі. Дзядуля пайшоў шукаць яе, але ў мястэчку Пухавічы патрапіў у палон і загінуў. Тады на пошукі дачкі адправілася бабуля Лізавета Пятроўна. Вольгу яна знайшла ў Асіповічах у разбомбленай бальніцы. Выратаваць дзяўчыну не ўдалося: яна памерла на руках у маці. Бабуля знайшла рыдлёўку, загарнула сваю дачушку ў просціну і пахавала.  А потым часта плакала і казала, што не дай Бог, каб калі такое паўтарылася”.

А ў завяршэнні свайго ліста Галіна Мікалаева напісала: “Неабходна, каб людзі задумаліся над тым, ці патрэбна нам усё тое, што перажылі нашы продкі? Мне, як маці, хочацца, каб мае дзеці і ўнукі жылі ў мірнай і спакойнай краіне”.

 Наталля   ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *