Юныя пухавіччане добра выступілі на абласных алімпіядах
Сем дыпломаў прывезлі юныя пухавіччане з абласнога этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, дадаўшы адно добрае выступленне да леташняга дасягнення.
22 вучні з 6 устаноў адукацыі нашага раёна па выніках раённых алімпіяд адабраліся ў гэтым навучальным годзе на абласны этап, які прайшоў у розных гарадах вобласці. Свае веды хлопчыкі і дзяўчынкі выпрабоўвалі ў дзевяці навучальных прадметах.
— Мы, безумоўна, рады кожнаму паспяховаму выступленню нашых школьнікаў, — кажа намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алена Шастакова. — Але нельга не адзначыць, што ў гэтым годзе вельмі добра выступілі нашы матэматыкі: яны прывезлі тры дыпломы з сямі. Дыпломы 2-й ступені ў Станіслава Лойкі з Мар’інагорскай гімназіі і Івана Пан-кратовіча з СШ № 2 горада Мар’іна Горка, 3-й ступені — у Івана Бусько з Пярэжырскай СШ.
Дыпломы 3-й ступені па фізіцы і біялогіі заслужылі Аляксандр Ермалінскі і Асоль Камісарава з Мар’і-нагорскай гімназіі, дыплом 2-й ступені па працоўным навучанні — Вераніка Казакевіч (СШ № 2 горада Мар’іна Горка), дыплом 3-й ступені па гісторыі — Сяргей Крачкоўскі (Мар’інагорскі НПК).
Школьнікаў рыхтавалі педагогі Жанна Кароль, Таццяна Гаус, Аксана Кадземік (Мар’інагорская гімназія), Ларыса Кліменка (Пярэжырская СШ), Марыя Аляксандрава, Наталля Быкава (СШ №2 горада Мар’іна Горка), Святлана Панкратовіч (Мар’інагорскі НПК).
Алена ІВАНОВА.