З творчым агеньчыкам у сэрцы

Нядаўна споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння нашага земляка, вядомага беларускага паэта Захара Біралы. У нашым раёне яго ведаюць і помняць многія людзі. Пашчасціла і мне  сустракацца з Захарам Якаўлевічам. А пазнаёміла нас  раённая газета “Сцяг працы”.

У канцы сямідзясятых гадоў мінулага стагоддзя пры рэдакцыі газеты па ініцыятыве маладога паэта Алеся Пісарыка было створана літаратурнае аб’яднанне “Алеся”. На свае пасяджэнні яно збірала людзей розных узростаў, розных прафесій, якія спрабавалі свае сілы ў паэтычнай творчасці.  Узначальваў аб’яднанне Захар Якаўлевіч  Бірала.

Ён  выдзяляўся сярод іншых мясцовых паэтаў. Сапраўдны інтэлігент: у касцюме, пры гальштуку, з вялікім скураным партфелем. Чалавек вельмі добразычлівы і сціплы. Ён уважліва слухаў пачаткоўцаў, карэктна, можна сказаць, па-бацькоўску,  рабіў нейкія заўвагі, даваў парады. Усе мы адносіліся да яго з вялікай павагай. Чытаў Захар Якаўлевіч і свае вершы, дзяліўся ўспамінамі аб сустрэчах з іншымі беларускімі паэтамі.

Бліжэй мы пазнаёміліся ў канцы васьмідзясятых гадоў, калі я прыйшла працаваць у рэдакцыю раённай газеты. Мне, тады яшчэ маладому супрацоўніку, даверылі запісаць успаміны паэта пра яго  жыццёвы і творчы шлях. У той час Захару Біралу было каля 80 гадоў.  Мы некалькі разоў сустракаліся з ім у рэдакцыі. Ён прыносіў свае запісы, нешта новае ўспамінаў у час размовы.

Нарадзіўся  Захар Біралаў 1906 годзе ў вёсцы Раўнаполле  ў сялянскай сям’і, дзе выхоўвалася 16 (!) дзяцей.  З  малых гадоў ён зведаў цяжкую сялянскую працу. Таму цягнуўся да вучобы, уважліва прыглядаўся да таго, што адбывалася навокал. Ён любіў слухаць песні і прыпеўкі, якія спявалі жанчыны за працай.

Вершы пачаў пісаць у пятым класе.  Супрацоўнічаў з газетай “Беларуская вёска”. Дасылаў у рэдакцыю свае допісы  пра вясковае  жыццё,  пра сваіх аднавяскоўцаў.  У той час людзі рэдка падпісвалі  свае паведамленні сапраўдным прозвішчам. Відаць, не хацелі прыцягваць да сябе ўвагу. Захар Бірала выбраў  псеўданім  Захар Бульбянік.

У1926 годзе ў газеце “Беларуская вёска” быў зме-шчаны першы верш Захара Бульбяніка  “Араты”.  У хуткім часе творы Біралы пачалі з’яўляцца на старонках газет “Чырвоная змена”, “Савецкая Беларусь”, часопіса “Малады араты”.

У 1929 годзе ён выдаў свой першы зборнік “Смех і радасць вёскі”. Рэдагаваў кнігу Кандрат Крапіва. Па рэкамендацыі   старэйшых таварышаў  малады паэт  паступіў на  рабфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.  Потым закончыў педагагічны інстытут. Успамінаў, што гэта быў цікавы і вельмі складаны час.  Захар Якаўлевіч расказваў, як яго таварыш трапіў  у турму, таму што напісаў верш, у якім паказаў недахопы таго часу. Не абышоў гэты лёс і  Захара Біралу.

З 1934 па 1936 год паэт працаваў настаўнікам  беларускай і рускай мовы  ў  Лагойску.

— Разам са мной працаваў настаўнік матэматыкі Янка Небасеў, — успамінаў Захар Якаўлевіч. — Ён захапляўся паэзіяй. Арганізаваў драматычны гурток, куды прыходзілі не толькі дзеці, але і дарослыя. Часта ён ездзіў у Мінск, вяртаўся з трывожнымі звесткамі пра  арышты, пра пакуты нявінных людзей.

А ў хуткім часе арыштавалі і Янку. Гэта было нечакана-сцю для ўсіх. Людзі шкадавалі яго як настаўніка, як чалавека, але дапамагчы не маглі. Мяне абвінавачвалі, што сябраваў з ворагам народа. Я часам плакаў, бо ведаў, што гэта працавіты, сумленны чалавек, а сказаць уголас не мог: мяне адразу б адправілі ў турму.

14 лістапада 1936 года ўсё ж  арыштавалі і мяне: абвінавацілі ў контррэвалюцыйных гутарках,  размовах супраць калектывізацыі. Без усякіх доказаў і паказанняў  асудзілі на восем гадоў няволі і пяць гадоў паражэнняў (пазбаўлення грамадзянскіх правоў). Калі  ў  турму прыйшла сястра,  перадаў запіску: “Я невінаваты, старайцеся дабіцца праўды, вам на волі зручней”.

Пакаранне адбываў у Горкаўскай вобласці на станцыі Сухабязводная, дзе працаваў на лесанарыхтоўках.

Паэт  здолеў прайсці праз усе цяжкасці і нягоды і  быў вызвалены перад пачаткам вайны. У 1940-1941 годзе працаваў настаўнікам у Сенніцкай школе Мінскага раёна.

У гады вайны Захар Якаўлевіч  жыў з бацькамі ў вёсцы Астравы  каля Рудзенска. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Дакументы, размешчаныя на сайце «Памяць народа», сведчаць аб тым, што ў  1945 годзе Захар Бірала  быў цяжка паранены, патрапіў у шпіталь і быў прызнаны непрыгодным да далейшай службы.  Для яго вайна закончылася на тэрыторыі Польшчы ў пачатку  красавіка 1945 года.  Захар Бірала быў  узнагароджаны Ордэнам Вялікай Айчыннай вайны  1-й ступені,  медалямі  “За баявыя заслугі”,  “За Перамогу над  Германіяй”.

Вярнуўшыся дадому, Захар Якаўлевіч уладкаваўся на працу ў  Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум, дзе да 1973 года выкладаў беларускую і рускую мову і літаратуру.

Захара Біралу рэабілітавалі толькі  ў 1958 годзе.  І гэта дало штуршок яго творчай дзейнасці. Вершы  ў  газетах і часопісах   друкаваліся   пад прозвішчам Захар Бірала.   Выдаў кнігі  гумарыстычных вершаў “Смех і радасць вёскі”, “Цвітуць кветкі” , “У пажарным парадку”, “На светлым чорнае”, “Прыляцела птушка”, “Ружы і крапіва”.   У 1980 годзе Захар Бірала  быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў.

Захар Якаўлевіч праводзіў вялікую работу з таленавітай моладдзю,  стараўся дапамагчы добрай парадай усім, хто  захапіўся творчасцю.   Сучаснікі заўсёды ўспамінаюць яго  добрым словам.

Захар Бірала  пайшоў з жыцця  14 верасня 1993 года. У  нашым раёне  жыве памяць пра   настаўніка, паэта-земляка і  цудоўнага чалавека. Яе беражліва захоўваюць  у раённым краязнаўчым музеі, цэнтральнай раённай бібліятэцы, Мар’інагорскім аграрна-тэхнічным каледжы. Пять гадоў таму да  110-годдзя з дня нараджэння паэта на доме, дзе ён жыў,  усталявана мемарыяльная дошка.

Вольга  САВАСЦЮК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *