За першыя два тыдні ФОК «Аквамарын» наведала больш за 3300 чалавек

 

З задавальненнем і карысцю. Менавіта так праводзяць час наведвальнікі спартыўнага комплексу «Аквамарын», які нядаўна адкрыўся ў Мар’інай Горцы.  Тыя, хто ўжо пабываў там, актыўна запрашаюць сваіх сяброў і знаёмых.  «Рэкамендую», — коратка сказала мая сяброўка, якая наведала басейн літаральна на наступны дзень пасля яго афіцыйнага адкрыцця.  Я ж, прызнаюся, ужо была напярэдадні ў спорткомплексе і мела ўяўленне пра тое, што ў нашым горадзе нарэшце з’явіліся новыя магчымасці для тых, хто хоча весці актыўны лад жыцця.  Але быць на экскурсіі і быць наведвальнікам — розныя адчуванні. Таму патрэбна другая спроба…

На ўваходзе мяне сустракаюць з добразычлівай усмешкай.  Ад работнікаў  даведваюся, чым жа можна тут заняцца.  Сауна?  Хамам?  Трэнажоры?  Басейн?  Без праблем.  Сардэчна запрашаем!

— Мы адкрыты для ўсіх жадаючых з 8 гадзін раніцы да 22 гадзін вечара, — расказвае дырэктар Пухавіцкай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву Алена Чаратаева.— Басейн адкрыты з 10 да 22 гадзін.  Мы аказваем яго паслугі  і дарослым, і дзецям (для іх пабудаваны асобны басейн, дзе пад-трымліваецца тэмпература вады 31 градус).  У “вялікай вадзе” будуць прафесійна займацца выхаванцы спартыўнай школы пад кіраўніцтвам трэнераў, якія прыйдуць да нас у бліжэйшы час. А для ўсіх аматараў ёсць магчымасць не толькі плаваць сабе ў задавальненне, але і займацца аквааэробікай разам з трэнерам Інай Фёдаравай.  Для гэтага выдзелены і дзённы, і вячэрні час.  Думаем арганізаваць заняткі і для людзей сталага ўзросту.

Трэнажорная зала. Я нібыта трапляю ў дзень заўтрашні: суперсучаснае абсталяванне ў зале.  Мара многіх «качкоў» і аматараў бегаць ці хадзіць у цёплым утульным памяшканні, а не на стадыёне, да прыкладу.  Усталяваў прыдатныя параметры — і наперад…  Ёсць тут  і персанальныя трэнеры Міхаіл Германовіч і Іна Фёдарава.  Яны дапамогуць з выбарам трэнажораў і нагрузкі.

Па дарозе ў басейн завітала ў пакой з масажнымі крэсламі.  Масаж, рэлакс пад любімую музыку…

За першыя два тыдні комплекс наведала больш за 3300 чалавек.  Бывалі дні, калі лік наведвальнікаў перавышаў 400 чалавек.  Гэта зразумела, бо адкрыццё басейна — даўняя мара пухавіччан.

 — Мы рады бачыць кожнага, — гаворыць Алена Чаратаева.  — Стараемся ўлічваць інтарэсы нашых грамадзян.  Але і да іх у нас ёсць просьба: выконвайце правілы паводзін у комплексе.  Абавязковыя гігіенічныя патрабаванні не выпадкова прыдуманы: гэта ваша бяспека, ваша здароўе.  На жаль, мы ўжо сутыкнуліся і з ігнараваннем патрабаванняў, і з грубіянствам наведвальнікаў.  А хацелася б, каб нішто не перашкаджала адным — адпачываць, а другім —  працаваць.  Тады ўсе атрымаюць толькі задавальненне.  Запрашаем у «Аквамарын»!

Алена  ІВАНОВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *