Запрашаем пухавіччан зрабіць падарожжа  ў эпоху Савецкага Саюза

Супрацоўнікі раённага краязнаўчага музея запрашаюць жыхароў горада і раёна зрабіць падарожжа  ў даволі супярэчлівы час  — эпоху Савецкага Саюза. У карціннай галерэі яны арганізавалі выставуНазад, у СССР”.  Для некага гэта будзе вяртанне ў маладосць, а для некага  —  больш падрабязнае знаёмства з эпохай, у якой нарадзіліся і сталелі іх бацькі.

Адкрыццё выставы  было прымеркавана да акцыі “Ноч музеяў”. Удзельнікам гэтага мерапрыемства прапанавалі  пазнаёміцца з экспанатамі, сярод якіх прадметы, звязаныя з савецкай ідэялогіяй, побытам людзей таго часу, і правесці свае паралелі. Напрыклад, на выставе размешчаны некалькі знамёнаў, якія ўручаліся пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва. Яно ў савецкія часы  абавязкова арганізоўвалася і паміж прадпрыемствамі, і паміж іх работнікамі. Адзначым, што традыцыя такім чынам вылучаць лепшых захавалася і да нашых дзён.

На адной з вітрын прадстаўлены савецкія грошы. Як у той час гэта былі рублі і капейкі, так і зараз: назву грошы не змянілі. А вось пакупніцкая здольнасць іх значна адрозніваецца.  Думаю, шмат хто памятае, што ў  Савецкім Саюзе былі тавары, якія каштавалі адну капейку: спічкі, стакан  газаванай вады  без сіропу. У наш час за такі кошт  нічога не купіш. І гэта адно са сведчанняў таго, што пакупніцкая здольнасць сучасных  грошай  ніжэйшая, чым была ў савецкіх.  Затое нашы сучаснікі на свае сённяшнія даходы здольныя  атрымаць значна больш тавараў і паслуг, чым “савецкія” продкі.

 

Цікавасць у ўдзельнікаў мерапрыемства вызвала віктарына, якую для іх падрыхтавалі супрацоўнікі  музея.  Усе разам успомнілі пра тое, што патаеннай марай кожнага савецкага чалавека было набыццё кватэры, машыны, дачы.  І пра тое, што  чацвер ва ўсёй краіне быў рыбным днём. І што ўсё гэта стала гісторыяй ў 1991 годзе, калі перастаў існаваць Савецкі Саюз.

У кожнага з нас ёсць сваё мінулае. Яно рознае: светлае і не вельмі. Так і  савецкі перыяд гісторыі Беларусі для некага напоўнена складанымі праблемамі, а для некага — успамінамі аб маладосці, асаблівасць якой  —  уменне радавацца кожнаму дню не гледзячы ні на якія праблемы…

Наталля ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *