Запрашаем стаць каралевай

Ці патрэбны дзяўчынам/жанчынам конкурсы прыгажосці?!

Аб’яўлены старт адбору ўдзельнікаў чарговага раённага конкурсу прыгажосці. Заяўкі можна падаць да 15 лютага. Будучым удзельніцам конкурсу неабходна перш за ўсё запоўніць анкету-заяўку. Але яшчэ раней трэба будзе самой сабе адказаць на пытанне: ці жадаю я стаць каралевай прыгажосці і што гэта мерапрыемства раённага ўзроўню наогул можа мне даць.

А на самай справе: што? Што можна атрымаць на конкурсе прыгажосці, акрамя кароны ці расчаравання, калі ты застаўся без яе? Няхітрыя матэматычныя падлікі паказваюць, што карону атрымлівае толькі хтосьці адзін, а вось з расчараваннямі пазнаёмяцца ўсе астатнія. Тады ці варта напружвацца, рыхтавацца, хвалявацца, пераступаць цераз страх сцэны, публічнасці і г.д.? І ўвогуле, ці патрэбны нам гэтыя конкурсы?.. Я не ведаю, як адкажуць на гэтыя пытанні будучыя ўдзельніцы, але дакладна ведаю, што гаварылі некалі былыя прэтэндэнткі і ўладальнікі кароны.

«Міс Мар’іна Горка-2021» Марына Рыжова, напрыклад, казала, што ўдзел у такіх мерапрыемствах — гэта цэлая гісторыя, дзе ёсць месца радасці і слязам, перамогам і расчараванням, задавальненню ад новых знаёмстваў і горычы развітання.

Раённы конкурс прыгажосці стаў для Марыны (як і для многіх, уласна кажучы) нечаканым мерапрыемствам. Аказалася, што ў раёнах набраць неабходную колькасць удзельніц заўсёды няпроста, хаця многія лічаць, што выстройваецца чарга з жадаючых стаць найпрыгажэйшай. Хтосьці, на самай справе, не лічыць сябе дастаткова ўпэўненым для таго, каб выйсці на сцэну. Хтосьці не адпавядае існуючым параметрам, хтосьці наогул не збіраецца камусьці нешта даказваць… Розныя прычыны у людзей. Таму Марына як работнік культуры на той перыяд часу пагадзілася на ўласным прыкладзе паказаць іншым, што кожная дзяўчына можа прымаць удзел у конкурсе. «Усе вартыя, і непрыгожых проста не існуе», — пераконвала яна сябровак і знаёмых у бурным абмеркаванні рэгіянальнага конкурсу прыгажосці. І вось так нечакана для самой сябе адправілася на кастынг, а пасля і на конкурс. І стала яго пераможцай, пабароўшы некаторыя свае страхі, навучыўшыся дэфіліраваць і дэманстраваць свае таленты. «Калі ты гэта зрабіў, быццам крылы вырастаюць: ты перамог самога сябе. І такія перамогі над сабой падчас удзелу ў конкурсе — вельмі важная яго частка. Не так значна, ці прымерыш ты карону ў выніку, паверце. Важней тое, што ты за гэты час становішся сталейшай, больш «каманднай» і камунікабельнай. Ты лепш пазнаеш саму сябе. І гэта ў будучыні кожнай дзяўчыне сапраўды спатрэбіцца».

Некалькі конкурсаў прыгажосці ў нашым раёне раней арганізоўваў таленавіты рэжысёр Ігар Краўчанка з Мінска. Гэта былі не проста якасныя шоу і сустрэчы з цікавымі медыйнымі персонамі. Для ўдзельніц гэта была сапраўды цудоўная школа ўвядзення ў свет прыгажосці і грацыі. Такая, што змагла адкрыць некаторым пераможцам новыя гарызонты.

Наогул пухавіччанкі некалькі разоўне проста дастойна прадстаўлялі раён на абласным і рэспубліканскім конкурсах прыгажосці, але і ішлі далей.

Я ніколі не забуду таго конкурсу, на якім перамагла навучэнка гімназіі Юлія Сіндзеева. Дзяўчына ўвогуле не збіралася ўдзельнічаць. Але рызыкнула і стала потым самай тытулаванай прыгажуняй Беларусі. Юліі Сіндзеевай належаць тытулы «Віцэ-міс Беларусь-2006», «Віцэ-міс Еўропа-2006», «II Віцэ-міс Інтэрнэшнл-2007». Яна ўдзельніца конкурсу прыгажосці «Топ-мадэль свету» (стала «Міс фота») і «Міс свету-2009». Вось такі вынік перамогі на маленькай раённай сцэне!

Памятаюць пухавіччане і поспех Алены Гудзь — уладальніцы тытула «Міс Сяброўства» конкурсу «Міс Беларусь-2008». Алена ў 2009 годзе прадстаўляла Беларусь на конкурсе «Міс Еўропа».

Безумоўна, такі шлях пройдуць не ўсе, бо прэстыжныя конкурсы пакуль патрабуюць адпаведнасці высокім крытэрыям. Занадта строгім, на мой погляд. Але тут, у нас, ногі ад вушэй і мадэльная знешнасць не галоўнае. Па словах Ігара Краўчанкі, ён не патрабаваў ад удзельніц кастынгу адпаведнасці параметрам 90-60-90. Асноўнымі крытэрыямі адбору канкурсантак з’яўляліся прывабная знешнасць, грацыя, абаянне, сцэнічная культура, уменне размаўляць з аўдыторыяй і камунікабельнасць.

Я лічу, што менавіта так і буйныя конкурсы прыгажосці з кожным годам паступова мяняюць сваю філасофію і місію. Рамкі пашыраюцца, і да праходаў у купальніках дадаюцца інтэлектуальныя аспекты, дзякуючы чаму ёсць стымул да развіцця. Так уся «прыгожая» індустрыя становіцца нейкім чынам творчымі ці матывацыйнымі праектамі, дзе не галоўнае абраць пераможцу. Усе ўдзельніцы конкурсаў атрымліваюць нейкія тытулы і падарункі. Таму адважвайцеся! Хапайце ручку і пачынайце запаўняць заяўку!

Конкурс адбудзецца 24 лютага.

Алена Максімава.

З палажэннем аб конкурсе можна азнаёміцца ніжэй.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *