Журналістыка — справа жыцця нашага земляка Аляксандра Хазяніна

Многія журналісты, якія пачыналі свой шлях у прафесію ў рэдакцыі раённай газеты, лічаць той час сапраўднай школай жыцця.  Часам гавораць: “Той, хто папрацаваў у раёнцы, зможа працаваць у любым выданні”. І з гэтым цяжка не пагадзіцца. Узяць, да прыкладу, нашу раённую газету.

У розны час тут працавалі паэты Антон Бялевіч, Мечыслаў Шаховіч, пісьменнік Браніслаў Зубкоўскі, журналіст, краязнаўца Анатоль Ярохін.

Пухавіцкая раённая газета дала дарогу ў вялікую журналістыку Алене Клімовіч, Мікалаю Грыгаровічу, Аліне Грышкевіч,Таццяне Падаляк, Уладзіміру Стрэльскаму.  Былы слухач школы рабселькораў  Аляксандр  Хазянін працаваў рэдактарам Маладзечненскай газеты.  Раённыя газеты Міншчыны ў розны час  узначальвалі былыя супрацоўнікі пухавіцкай раёнкі Іван  Габец, Мікалай  Аленчык, Валерый Паўловіч.

Журналіст, празаік, публіцыст  Аляксандр Хазянін на працягу многіх гадоў захоўваў  сяброў-скія сувязі з  нашай газетай. Аляксандр Аляксандравіч часта тэлефанаваў  у рэдакцыю, цікавіўся станам спраў, віншаваў калектыў са святамі  і юбілеямі, расказваў і пра свае творчыя поспехі. Ён падараваў калегам свае кнігі   “Сярод добрых людзей”, “Скарбонка мудрасці”. І вось я трымаю ў руках новую кнігу Аляксандра Хазяніна  “Светлыя прамені”, якая выйшла ў свет ў гэтым годзе. Асабіста для мяне яна  цікавая і нават дарагая  яшчэ і  тым, што прадмову да гэтай кнігі напісаў наш зямляк, пісьменнік Браніслаў Зубкоўскі, які, на жаль, ужо пайшоў з жыцця. І як добра, што кніга пабачыла свет, і яшчэ раз з’явілася магчымасць успомніць добрым словам  гэтага інтэлегентнага, вельмі добрага і  мудрага чалавека. Браніслаў Аляксандравіч заўсёды цікавіўся творчасцю сваіх землякоў, з павагай  адносіўся да людзей.  Вось і ў гэтай прадмове ён знайшоў шмат добрых слоў пра  аўтара і яго кнігу.

Не прайшоў міма гэткай падзеі і паэт-песеннік Кастусь Цыбульскі. Кнігу адкрывае яго верш “Няўрымслівая, шчырая душа”, які ён прысвяціў Аляксандру Хазяніну.

Па задумцы аўтара кніга складаецца з пяці раздзелаў. Першы— аб   Маладзечненскім раёне, зямлі з багатай гісторыяй, нацыянальнымі традыцыямі, на якой ён жыве, дзе па-сапраўднаму раскрыўся і  яго творчы патэнцыял. Чытаеш кнігу  і адкрываеш для сябе новыя імёны, цікавыя гістарычныя факты, знаёмішся з новымі мясцінамі. На яе  старонках  — сустрэчы з рознымі людзьмі. Пісьменнік не толькі стараецца зразумець   таямніцы іх прафесіі, але і разам са сваімі героямі перажывае іх жыццёвыя сітуацыі, поспехі і трывогі.   Аб асабістым і агульначалавечым нарыс  “Паэт у медыцыне”, пра доктара медыцынскіх навук, члена-карэспандэнта  Акадэміі медыцынскіх навук, прафесара Леаніда Путырскага, які на працягу многіх гадоў ратаваў хворых жанчын сваім талентам, добрым сэрцам і цудоўнымі вершамі.

Урач-хірург, кандыдат медыцынскіх навук Франц Світо, генеральны дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Забудова” Іосіф Русак, Герой Сацыялістычнай працы Зоя Задора, педагог Дзмітрый Хаўронін… Колькі цікавых лёсаў пад адной вокладкай. Расказвае пісьменнік пра сваіх герояў проста і шчыра, нібыта песню спявае. Дарэчы, так яно і ёсць.  Прырода ўзнагародзіла яго яшчэ адным талентам — цудоўным голасам.

“Мы ганарымся тым, што наша зямля дала жыццё песняру беларускага народа  Янку Купалу, імя якога ведаюць і шануюць ва ўсім свеце! А колькі яшчэ  вядомых людзей, хай сабе і менш знакамітых і вартых памяці, было звязана з Маладзечаншчынай—гэтым цудоўным і маляўніча-непаўторным беларускім куточкам”, — піша  Аляксандр Хазянін.

Прыемна, што ёсць у яго  кнізе  і пухавіцкія старонкі. Адзін нарыс прысвечаны творчасці пісьменніка Браніслава Зубкоўскага, другі – творчасці нашага земляка, пісьменніка, краязнаўцы Алеся Карлюкевіча. Ёсць  і  ўспамін пра сваю малую радзіму — Пухавіччыну, дзе ён нарадзіўся і вырас, дзе прарастаў і мацнеў яго талент, адкуль пачалася дарога ў вялікае жыццё і ў журналістыку.

Аляксандр Аляксандравіч успамінае, што дзяцінства было не вельмі радасным. Бацька, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, рана памёр. Маці адна выхоў-вала пяцёра дзяцей. Вучыўся ў Дукорскай школе. У час школьных канікул кожны год працаваў ў калгасе, стараўся зарабіць больш працадзён. Ужо тады ў яго была цікавасць да літаратуры. Хадзіў у вёску Дукарка да  аўтара п’есы “Чырвоныя кветкі Беларусі” Васіля Гарбацэвіча. Займаўся ў школе рабселькораў пры рэдакцыі пухавіцкай раённай газеты “Сцяг працы”. У 1964 годзе  рэдактар газеты  Васіль Буры падараваў Аляксандру Хазяніну кнігу  пра журналістаў “В редакцию не вернулся”, якую ён захоў-вае і зараз.

Асобная старонка ў жыцці пісьменніка — вучоба ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. З цеплынёй успамінае Аляксандр Аляксандравіч сваіх студэнцкіх сяброў, выкладчыкаў факультэта журналістыкі. Ён не памыліўся ў выбары прафесіі. Журналістыка стала справай усяго жыцця, дала магчымасць рэалізаваць многія творчыя планы. Журналісцкія шляхі-дарогі прывялі  да цікавых людзей, якія сталі героямі яго нарысаў. У сваёй кнізе  пісьменнік аб’яднаў мінулае і сучаснае,  на  кожнай яе старонцы —  павага да чалавека працы, любоў і пашана да роднай зямлі.

“Напаўсілы працаваць не ўмеў. Любімай справе аддаваў сябе усяго без астатку.Чым больш аддаваў сябе людзям, тым багацейшым станавіўся. Гэтым жыў! Гэтым і багаты!..” Так заканчвае сваю кнігу  “Светлыя прамені” таленавіты журналіст і пісьменнік Аляксандр Хазянін.

Перагортваеш старонку за старонкай, знаёмішся з новымі людзьмі і разумееш: яго добрае сэрца і талент дапамагаюць і чытачу  адчуць цяпло гэтых   светлых праменяў…

Вольга САВАСЦЮК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *