Жыхары аддаленай вёскі Хочын не баяцца праблем, якія прыгатавала  для іх зіма

Зіма прыйшла нечакана рана. Нехта радуецца бялюткаму снегу. Хтосьці цяжка ўздыхае, адкідваючы снег са сцежкі. Гэта жыхарам цёплых кватэр прыемна любавацца з акна карагодам сняжынак. А як жывецца зімой у вёсцы, калі трэба дайсці па вялікім снезе да студні ці дрывотні, сагрэць хату, прыгатаваць ежу сабе і пакарміць гаспадарку?

Аляксей Петрыкаў і Святлана Харытончык.

Невялікая вёсачка Хочын, якая знаходзіцца на тэрыторыі Турынскага сельсавета, размешчана далёка ад ажыўленай трасы і гарадскога шуму. Усяго тут было  28 дамоў. Некалькі гадоў таму да Хочына далучылі былую вёску Зарэчча, і зараз мясцовыя жыхары падзяляюць свой населены пункт на Хочын-1 і Хочын-2.

У вёсцы свая асаблівая атмасфера: ціхія няспешныя сельскія будні, маляўнічыя пейзажы, свежае паветра. Ёсць за  што палюбіць Хочын: побач рака Свіслач, з другога боку — лес. Не дзіўна, што, пабываўшы тут, многія задумваюцца перабрацца ў вёску на пастаяннае жыхарства. Так адбылося і ў Аляксея і Галіны Петрыкавых. Яны — гарадскія жыхары. Аляксей Леанідавіч,  прыехаўшы ў Хочын аднойчы на рыбалку, палюбіў прыгажосць маленькай вёскі. Вырашылі купіць хатку, абзавесціся  хатняй  гаспадаркай, пасадзіць агарод. І мару сваю здзейснілі.

— Я па адукацыі — інжынер-будаўнік, — расказвае Аляксей Петрыкаў. — Калі выйшаў на пенсію, зразумеў, што стаміўся ад гарадскога тлуму  і мітусні, таму з жонкай вырашылі купіць тут домік. І вось ужо праводзім у Хочыне восьмую зіму. Вядома, увесну-летам клопатаў у вёсцы безліч. У нас шмат зямлі, мы вырошчваем сваю садавіну і гародніну. Шмат кустоў чырвоных і чорных парэчак, рэмантантнай маліны, растуць абрыкосы. Трымаем курачак і збіраемся разводзіць гусей. Сталі сапраўднымі сельскімі жыхарамі. Гавораць, што зімой у вёсцы сумна, але я так не лічу. Клопатаў хапае: то печ напаліць, то снег пачысціць. А зіма сёлета на снег вельмі шчодрая. Але мне гэта дае задавальненне.

Выбраў для сябе сельскае жыццё і Уладзімір Адамаў, які жыве па суседстве з Петрыкавымі. Стаж яго вясковага  жыцця яшчэ больш унушальны — 17 гадоў.

— Першы раз прыехаў у Хочын зімой, — успамінае Уладзімір Мікалаевіч. — І адразу прый-шлося даспадобы гэтае месца. Дом мой  адрозніваецца ад гарадскога хіба тым, што абаграваю яго печкай. Але ў гэтым свой шарм. У мяне ёсць лазня, агарод, дзе я вырошчваю гародніну. Калі перабраўся сюды, добраўпарадкаваў тэрыторыю не  толькі сваю, але і вакол. Цяпер побач з маёй сядзібай растуць прыгожыя елкі і хвоі. Такіх краявідаў у Мінску не ўбачыш. А вы паслухайце, як па-асабліваму хрумсціць пад нагамі на марозе  ў вёсцы чысцюткі снег! За маім участкам пачынаецца лес, таму нярэдка бачу дзікіх жывёлін. Звяроў тут многа: казулі, ласі,  шмат баброў. А яшчэ я — паляўнічы, таму для мяне жыццё ў вёсцы, на ўлонні прыроды, вялікае задавальненне.

Зімуюць на сваёй малой радзіме і Галіна Шчарбакова з мужам. Яны даглядаюць пажылую маму.

— Мама ўсё жыццё пражыла ў Хочыне, — кажа Галіна Мікалаеўна. —  Працавала даглядчыцай жывёлы на звераферме. Але даўно на пенсіі, і з кожным годам ёй усё цяжэй заставацца адной. Таму мы вырашылі перабрацца сюды. Клопатаў у нас у вёсцы хапае. З вясны і да позняй восені гляджу агарод, ды і зімой не паспяваю заўважаць, як дні прабягаюць. Больш за 50 гадоў я пражыла ў Мінску, і зараз вясковы спакой мне ў радасць. Усе нашы суседзі прыязджаюць у свае дамы толькі ў сезон, і тады Хочын напаўняецца галасамі.

Пастаянных жыхароў у гэтай вёсцы зімой мала. Толькі ў некалькіх дамах свецяцца па вечарах акенцы. Да бліжэйшага прыпынку грамадскага транспарту тры кіламетры. У  вёсцы няма стацыянарнай крамы, таму сюды двойчы на тыдзень прыязджае  аўтамагазін, а таксама арганізавана мотадастаўка перыядычных выданняў.

Старшыня Турынскага сельвыканкама Святлана Харытончык адзначае:

Нягледзячы на сваю аддаленасць, вёска многіх прыцягвае сваёй прыгажосцю, прыродай. Гарадскіх жыхароў не палохаюць цяжкасці, якія могуць узнікнуць. Напрыклад, расчыстка снегу ці нарыхтоўка дроў на зіму. Прымаючы рашэнне пераехаць, людзі разумеюць, што ў горадзе амаль усе пытанні рашаюць спецыялізаваныя службы, а ў вёсцы гаспадар ты сам. Тым не менш, мінчане выбіраюць вёску і атрымліваюць асалоду ад спакойнага жыцця, калі можна ўволю любавацца вясковымі краявідамі, спевамі птушак, радаваць сябе ўласнай садавіной, агароднінай. І кожны дзень знаходзіць занятак рукам.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *