Жыхары вёскі Каляюгі назіралі на небе… цмок

Цяжка сказаць, адкуль людзі ведаюць аб драконах. Існуе тэорыя, што на пачатку сваёй гісторыі, чалавецтва перасякалася з вялізнымі яшчарамі, якія ўжо саступалі сваё месца на планеце больш дробным і больш жывучым істотам. Вось і захавалася ў паданнях розных народаў памяць аб гэтым знаёмстве. Яна, дарэчы, у розных народаў адрозніваецца.

Заходнееўрапейскія драконы, напрыклад, былі  вельмі злосныя, любілі  ахвяры у выглядзе золата і  маладых дзяўчат. З імі бясконца змагаліся рыцары. І, у выніку, усіх перамаглі.

Ёсць паданні пра драконаў і ў славянскай міфалогіі, у тым ліку і беларускай. Нашы продкі называлі іх цмокамі. У адрозненне ад сваіх заходнееўрапейскіх братоў, беларускія цмокі з людзьмі непрымірымымі ворагамі не былі, хоць характар у гэтых казачных  істот  не самы просты.

Навукоўцы, здаецца, ведаюць адказ на пытанне, адкуль у беларускай міфалогіі з’явіліся цмокі. Захаваліся гістарычныя сведчанні пра тое, што некалі на беларускіх землях сапраўды жылі даволі буйныя рэптыліі. Напрыклад, аўстрыйскі дыпламат Жыгімонт фон Герберштэйна, які ў пачатку XVI стагоддзя бываў у Вялікім княстве Літоўскім, пакінуў такі запіс: «Гэтая вобласць мае шмат гаёў і лясоў, у якіх можна назіраць страшныя з’явы. Там і дагэтуль  шмат ідалапаклоннікаў, якія кормяць у сябе дома нейкіх істот з чатырма кароткімі лапамі накшталт яшчарак з чорным і тоўстым целам, якія маюць не больш трох пядзяў у даўжыню і завуцца гіваітамі (Givuoites)…». Апісанне падобна на кракадзіла.

Лічыцца, што беларускі цмок — істота  водная. Імя яго паходзіць ад дзеяслова “высмоктваць”. У некаторых беларускіх дыялектах словам “цмок” называюць вяселку, якая як бы “высмоктвае” ваду з ракі альбо возера. Так, напэўна, можна назваць і воблака, якое ў адзін з красавіцкіх вечароў назіралі ў небе над вёскай Каляюгі. Паднялося яно над нейкім вадаёмам, высмактаўшы вільгаць, і прыняло вобраз цмока, які павольна паляцеў па небе, прымусіўшы ўспомніць старажытныя паданні пра незвычайных істот, што сталі часткай нашай культуры.

Наталля ПАРОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *