Адбылося ўрачыстае мерапрыемства да стогадовага юбілею Кастрычніцкай рэвалюцыі.
У Мар’інай Горцы ў раённым цэнтры культуры 4 лістапада адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае стогадоваму юбілею Кастрычніцкай рэвалюцыі. На яго запрасілі прадстаўнікоў працоўных калектываў горада.
Ганаровымі гасцямі сталі члены ветэранскай арганізацыі. У фае ветэранаў сустракалі актывісты раённай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, якія ўручылі паважаным людзям кветкі і віншавальныя паштоўкі.
Усіх удзельнікаў мерапрыемства вітаў першы сакратар раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Уладзімір Белавусаў. Ён напомніў гісторыю рэвалюцыйных падзей, выказаў падзяку тым, хто сёння займае актыўную жыццёвую пазіцыю і вядзе нашу краіну наперад.
Уладзімір Пятровіч уручыў памятныя медалі Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Расійскай Федэрацыі “100 гадоў Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі” ветэранам Анатолю Сіманаву, Івану Ласаму, Міхаілу Пацыёру.
Падарункам ветэранам і ўсім, хто прымаў удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве, стала канцэртная рэтра-праграма “Рабяты з нашага двара”, якую падрыхтавалі работнікі раённага цэнтра культуры разам з артыстамі–аматарамі. Яны палічылі, што юбілей — гэта добрая нагода ўспомніць, як жылося ў краіне Саветаў, і стварылі музычную гісторыю пра верных сяброў, рамантычнае каханне і суседзяў, на якіх можна было разлічваць у любых жыццёвых абставінах. Гэта менавіта тое, што сёння выклікае светлыя ўспаміны ў людзей старэйшага ўзросту, якія нарадзіліся ў СССР.
Наталля ПАРХОМЧЫК.