З любоў’ю да прыгожага

Міма дома № 24 па вуліцы Савецкая ў  вёсцы  Вецярэвічы-2 праехаць проста так немагчыма.  Так  і  хочацца спыніцца і атрымаць асалоду ад прыгажосці, якую стварылі гаспадары. Дом літаральна патанае ў кветках. А  розныя  малыя  архітэктурныя   формы,   у  выглядзе птушак і жывёл, дапамагаюць стварыць казачную атмасферу. Арыгінальныя ідэі па добраўпарадкаванні Валянціна Кляшчонак і яе муж Валерый  бяруць, у асноўным, з часопісаў. Жанчына кажа, што любіць, каб вакол было прыгожа і ўтульна.

IMG_2692— Вось гэты веласіпедыст робіцца вельмі проста, — паказвае Валянціна Уладзіміраўна на драўлянага чалавечка ў садочку. — Пара бярозавых пален, шлем і акуляры — вось і ўсё.

IMG_2655Архітэктурных форм на ўчастку шмат: лебедзі   каля невялічкага фантана, вясёлыя свінні з пластыкавых бутэлек, папугай з кола. А драўляныя зебра і конь служаць яшчэ і для вырошчвання кветак. Пад гаршчочкі для кветак гаспадары прыстасавалі старыя каструлі, якія пафарбавалі ў жоўты колер і намалявалі на іх вясёлыя смайлікі. Дарэчы, развітвацца са старымі рэчамі гаспадары не спяшаюцца. Валянціна Уладзіміраўна і Валерый Уладзіміравіч стараюцца ўсяму знайсці выкарыстанне. Так, з пластыкавых бутэлек гаспадар зрабіў букет кветак і шышкі, якія стаяць на плоце. Яшчэ адна славутасць у двары дома № 24 — млын. Здаецца, што ён нібы казачны: намаляваныя акенцы, крылы, якія рухаюцца ад парыву ветру. Але млын — гэта не толькі дэкаратыўны элемент, гэта яшчэ і летні душ.

IMG_2647Гаспадыня расказала, што дзецям і ўнукам, якія прыязджаюць у госці, вельмі падабаецца адпачываць у вёсцы. Дарэчы, для 12 унукаў і ўнучак тут ёсць вялікія арэлі.

— Задумак па добраўпарадкаванні ў нас шмат. У наступным годзе хочам зрабіць новы плот з невялічкіх дошчачак, — паказала мне часопіс з малюнкам гаспадыня. — Работа, можна сказаць, ювелірная, трэба шмат вольнага часу, таму пачнем нарыхтоўваць матэрыял зімою, каб летам ужо было прыгожа.

IMG_2664Што датычыцца кветніка, то колькасць відаў кветак падлічыць практычна немагчыма: тут петуніі, ружы, аксаміткі, гладыёлусы, цюльпаны, а сальвіі — аж пяць сартоў! Незвычайна прыгожым выглядае куток дома, які абвівае дзявочы вінаград. Валянціна Уладзіміраўна кажа, што восенню лісце змяняе колер, і сцяна здаецца жывой загараддзю. Куды ні глянь відаць, што жанчына клапоціцца пра кожную расліну. Беражлівыя адносіны да прыроды склаліся нездарма — гаспадыня па прафесіі  аграном. У ААТ “Вецярэвічы” яна працавала з 1975 па 2012 год.

IMG_2652— Калі я працавала, у мяне не было ніякіх кветнікаў: праца, гаспадарка, дзеці — вольнага часу амаль не было, — прызналася Валянціна  Уладзіміраўна.  — А калі выйшла на пенсію з’явілася больш часу. Муж ва ўсім дапамагае, у яго залатыя рукі. З мяне ідэя, а ён — увасабляе яе ў жыццё. Дарэчы, у планах Валерыя Уладзіміравіча пабудаваць сваю лазню.

IMG_2633У сям’і не толькі прыгожая добраўпарадкаваная тэрыторыя, але і вялікая гаспадарка: бройлерныя кураняты, куры, свінні, каты, сабака. Вялікі агарод. Таму нават вольнай хвілінкі, асабліва цёплымі  днямі, у  гаспадароў  няма, бо трэба ўсё даглядзець. Але ж такі рэжым для іх толькі ў радасць. Калі ствараеш прыгажосць —  і на  душы  становіцца цяплей. У гэтым ўпэўнена Валянціна  Уладзіміраўна.

Святлана  ВАЙЦЯХОЎСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *