Народная студыя “Фантазія” удзельнічала ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу

З праекта (копия)У абласным этапе рэспубліканскага конкурсу праектнадаследчых работ сярод навучэнцаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей  і  моладзі  “Выхаванне  на  аснове традыцый беларускага  народа. Беларуская народная цацка” ўдзельнічала  народная студыя  “Фантазія”  цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Світанак”.  Навучэнцы студыі Злата Пракапенка, Паліна Асіпёнак, Яна Нікановіч, Настасся Ціханава, Марыя Ількевіч,  Аліна Прышчэпава вырашылі правесці даследаванне па тэме “Лялька ў маім жыцці”. Яны даўно займаюцца ў студыі, пашылі шмат розных лялек і адзення для іх, і вось задумаліся аб каранях традыцыйнай для нашай мясцовасці лялькі. Яны адправіліся ў экспедыцыю да бабуль  навакольных вёсак.

Спачатку бабулі сустракалі юных майстрых са здзіўленнем: каму  патрэбны такія ўспаміны… Але  потым,  у  працэсе  гутаркі, акуналіся ў  былое  і  расказвалі  шчыра, з усмешкай і лёгкай узрушанасцю.

— Якія мы лялькі бачылі? Толькі тыя, што маці зробіць. Сямёра дзяцей ў хаце, раскошы не было, не было запасу. Гульні не бачылі: толькі сталі на ногі — адразу ў работу. А хацелася пагушкаць сваю ляльку. Я была малодшая ў сям’і, і мне маці зрабіла  ляльку з кудзелі. Хустку на галаву завязала, у анучку закруціла — вось і  ўся  лялька  (Галіна  Цімафееўна Сламянец,  1935  года   нараджэння,     ураджэнка   вёскі    Вялікія   Лукі).

— Жылі мы бедна, лішняй анучы не было. Скруціць мама з лёну ляльку, галаву абматае кавалкам белага абруса, а радасці было — не перадаць! Вочкі, носік, раток малявалі вугальком або алоўкам. Гушкалі, гулялі, і  хацелася, канешне, болей лялек. Маглі самі загарнуць любое паленца —  таксама лялька. Тады, калі пачалі сеяць кукурузу, з яе таксама рабілі лялькі. Усе зярняты даставалі, пакідалі толькі там, дзе павінны былі быць вочы, нос, рот. Загортвалі ў пялюшкі і гулялі… Калі клалі печ (цагліны самі рабілі),  з гліны ляпілі розныя фігуркі — зноў цацкі. Аднойчы я вылепіла з хлеба фігурку чалавека,  бацька так  пугай  перацягнуў  —  назаўсёды забылася гэтак рабіць. Грэх   вялікі…   (Марыя    Фёдараўна   Есіпёнак,  1948 года нараджэння,  ураджэнка вёскі  Міжрэчча).

— Я вельмі любіла з лялькай гуляць. І пагушкаю яе, і песеньку спяю. Заўсёды з сабою брала, куды б не ішла. Як пайшла ў школу, мама сказала: “Хопіць, вялікая ўжо, няма калі ў лялькі гуляць, трэба ўрокі вучыць ды работу рабіць”. Нейкі настрой такі кепскі быў, узяла ды шыбанула гэтую  ляльку на дрэва, што расло каля хаты. Зачапілася тая лялька за сук высока. А я кожны раз,  калі  іду дадому, як гляну на дрэва — вісіць мая ляля. І так  сэрца шчыміць. Так хочацца яе прыціснуць да  грудзей, а няма як, высока вісіць. Доўга яе шкадавала…  (Надзея  Рыгораўна   Жаўнерчык, 1927 года нараджэння, ураджэнка вёскі Сінча).

— У Пухавічах заўсёды багацей людзі жылі: гэта было мястэчка, тут яўрэяў шмат было да вайны. У мяне была крамная лялька, я з ёй гуляла,  і ўсе дзеці прасілі яе. Дык шкада ж  было ўсім даваць, і мне бабуля скруціла вялікую ляльку з анучак. Валасы зрабіла з кудзелі. Твар быў намаляваны вуглём, з  шырокімі  бровамі.  Мы яе  ўзяліся  купаць,  помню,  увесь тварык    размазаўся… (Ганна  Іванаўна Паслядовіч, 1934 года  нараджэння,  ураджэнка  вёскі  Пухавічы).Паслядовіч Ганна Іванаўна (копия)

— З cена нават рабілі лялькі, адзенне ім шылі.  Я, помню, сама скруціла сабе з анучак ляльку, тварык намалявала, і так яе палюбіла, так палюбіла, што, здаецца, нічога на свеце мілей не было…  (Ніна Антонаўна   Церашковіч,   1930 года  нараджэння, ураджэнка вёскі Пухавічы).

З якой пашанай людзі сталага ўзросту ўспамінаюць сваю ляльку! Калі мы размаўлялі з імі, то бачылі, як святлеў іх твар ад успамінаў, якой лагоднай рабілася ўсмешка, а некаторыя нават змахвалі  слязу.   Марыя  Фёдараўна  Есіпёнак — зараз інвалід па зроку, амаль нічога не бачыць, а ляльку згарнула хутка і лоўка: рукі памятаюць.

У выніку нашага даследавання мы прыйшлі да высновы, што менавіта лялька-закрутка з’яўляецца сапраўднай традыцыйнай лялькай у беларускай сям’і.

Мы жывём у такі час,  калі  паліцы магазінаў запоўнены цацкамі. Дарослы чалавек губляецца перад выбарам, калі трэба зрабіць падарунак. Дзіця таксама не адразу супакоіцца, каб спыніць сваю ўвагу на адной цаццы. Але затым хутка губляе цікавасць да яе. Напэўна, таму, што  іх так многа, але яшчэ і таму, што ў цацках, зробленых машынамі, няма індывідуальнасці. Мы не раз  назіралі,  як  дзеці,  прыходзячы на выставу ў цэнтр творчасці, цягнуць ручкі, каб толькі дакрануцца да цацак, зробленых  іншымі  дзецьмі.   Дакрануцца і прытуліць да сябе, бо ў гэтых цацках цяпло душы, руплівасць і дабро.

Зараз у асяроддзі народных майстроў расце цікавасць да лялькі-абярэга. Яна,  згодна  з  даследаваннем, не  з’яўляецца  характэрнай для Беларусі. Узгадваецца, што лялькі-абярэгі існавалі ў асобных раёнах. У нас ёсць дастаткова вялікая калекцыя абрадавай лялькі. Яе вывучэнне, выраб узбагачае не толькі практычны  вопыт  навучэнцаў, але развівае іх духоўна. Перш, чым зрабіць ляльку, яны даведваюцца шмат аб  жыцці  продкаў,  іх  вераваннях, традыцыях. А затым  замацоўваюць свае веды вырабам лялькі, якая ўжо становіцца  здабыткам  сучаснай  матэрыяльнай культуры.  Ідзе  працэс  узаема-абагачэння.

Таццяна ХАРЫТОНЧЫК,

кіраўнік  народнай студыі  “Мар’інка” цэнтра творчасці дзяцей і  моладзі “Світанак”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *