Чалавек і яго справа. І Я ЛЮБЛЮ…

 

20 гадоў па адным маршруце ходзіць на працу пухаўчанка Марына Лявіцкая. І 20 гадоў штодзённа жыве па адным раскладзе. Пад’ём у чатыры гадзіны  раніцы (час нязменны ў любую пару года, у любое надвор’е) і адбой апоўначы. Раніца і вечар — на ферме, а дзень — у клопатах па ўласнай гаспадарцы, якая ў вёсцы ёсць амаль у кожнага.  Няпростае  жыццё, але іншага  Марына не ведае і не ўяўляе. 

— Я нарадзілася і вырасла ў Дукоры, — кажа яна. — Маці працавала на ферме, часта брала мяне з сабой. Таму я хоць і рыхтавала сябе да трохі іншага жыцця, плануючы працаваць на птушкафабрыцы, але ў канчатковым выніку вярнулася да таго, што мне было зразумела і добра  знаёма. І так ужо два дзясяткі гадоў працую на адной ферме. Нават калі ў Дукоры пабудавалі малочнатаварны комплекс і прапанавалі мне перайсці туды, я адмовілася. На ферме «Красніца» ўсё прасцей, але я прывыкла працаваць у такіх умовах. Мяне ўсё задавальняе.

Марына Лявіцкая

Марына Лявіцкая

А гаспадарку задавальняе такі добрасумленны работнік і адказны чалавек, які хварэе за сваю справу. Прыйсці на працу раней за ўсіх і пайсці пазней за ўсіх —  гэта гісторыя Марыны Лявіцкай, аднаго з лепшых на працягу многіх гадоў аператараў машыннага даення кароў. Па выніках мінулага года Марына надаіла 6076 кілаграмаў малака, дадаўшы да свайго ж паказчыка 504 кілаграмы. У студзені за суткі сярэдні надой у групе кароў склаў 14,2 кілаграмы малака. Гэта адны з самых высокіх паказчыкаў у СУП «Дукора-агра».Чаму ў адных атрымліваецца так працаваць, а ў другіх —  не вельмі? Гэта пытанне ў Марыны не выклікае цяжкасцяў: адказ гатовы заўсёды. 

—   Ніякіх няма сакрэтаў, —  упэўнена Марына Лявіцкая. — Проста трэба старацца і перажываць за вынік. А працу рабіць спакойна, без нерваў. Каровы адчуваюць наш настрой і рэагуюць на яго. Да таго ж, цяпер няма ніякіх праблем з кармамі. У час пакармі жывёлу, дагледзь яе, каб чыста і цёпла было ў памяшканні, і жывёла аддзячыць абавязкова.

Зараз у групе Марыны 44 каровы і 9 цялятак, якія і прымушаюць даярку прыходзіць на працу крыху раней. 

—  Цялятам трэба асаб-лівая ўвага. Таму і часу па-трабуецца больш. Не па-шкадуеш  яго — вынік потым парадуе. 

Праўда, не ўсё залежыць толькі ад твайго асабістага старання, прызнаецца Марына. Іншы раз і дапамога калег патрэбна. За гэтым справа не стае, таму што на ферме, дзе працуе Марына, жанчыны заўсёды падтрымаюць адна адну. І гэты фактар  — адзін з галоўных, з-за якіх Марына Лявіцкая не мяняе старую ферму на новы комплекс.На раённым свяце працы Марына Лявіцкая, аператар машыннага даення кароў сельгаспрадпрыемства  «Дукора-агра», атрымае сваю чарговую ўзнагароду за шматгадовую добрасумленную працу.  Нельга не сказаць, што грамат за працу ў пухаўчанкі ў актыве ўжо шмат, аднак гэта не значыць, што можна саступіць перадавыя пазіцыі. 

—   Іду па маміных кроках і тут,  — усміхаецца Марына, нібы кажучы пра тое, што выбару іншага няма. — Яна таксама добра працавала. Любіла тое, чым займалася. І я люблю…

Алена  ІВАНОВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *