Час вандровак

“Не  вельмі любіла лета, таму што падчас канікул доўга не бачыла сваіх выхаванцаў і сумавала без іх”. З такіх крыху нечаканых слоў пачала нашу размову трэнер па скалалазанні цэнтра турызму дзяцей і моладзі Пухавіцкага раёна Вольга Рак. Аднак чацвёрты год запар сумаваць трэнеру і юным спартсменам няма калі: з-за цікавых вандровак па краіне на гэта не застаецца часу.

1Напачатку лета скалалазы апынуліся ў Лідскім раёне, адкуль пачаўся іх першы пешы паход другой ступені складанасці. Ён прайшоў у межах перасоўнага палатачнага лагера з 1 па 9 чэрвеня. За гэты час спартсмены пераадолелі больш за 70 кіламетраў і прайшлі па маршруце “гарады Ліда – Бярозаўка – Навагрудак – возера Свіцязь – гарадскі паселак Наваельня”. Дзеці бліжэй пазнаёміліся з культурна-гістарычнай спадчынай гэтых мясцін: наведалі Лідскі  і Навагрудскі замкі, Дом-музей Адама Міцкевіча і іншыя славутыя месцы.Другі — водны паход — надоўга запомніцца юным турыстам. За шэсць дзён на байдарках яны праплылі 68 кіламетраў па рэках Уса і Нёман. Надвор’е спрыяла падарожнікам, прырода ў сонечных промнях здавалася прыгажэй, чым заўсёды.

— Асабліва шмат уражанняў ад гэтай вандроўкі засталося ў дзяцей, якія ўпершыню сплаўляліся на байдарках, — гаворыць Вольга Рак. — Адправіцца ў водны паход традыцыйна было вельмі шмат жадаючых. Мы адбіралі самых адказных, дысцыплінаваных і фізічна падрыхтаваных.   

2У ліпені юныя спартсмены зноў прайшлі пешшу 74 кіламетры. Паход першай ступені складанасці пралягаў  па Брэсцкай і Гродзенскай  абласцях  праз гарады  Івацэвічы,  Косава, вёскі Бусяж і Жыровічы,  возера Альберцінскае,  горад  Слонім. Гэтая вандроўка запомнілася скалалазам не толькі вячоркамі каля вогнішча, але і цікавымі экскурсіямі і знаёмствамі з мясцовымі жыхарамі.  Напрыклад, у Жыровіцкім манастыры дзеці мелі магчымасць акунуцца ў цудадзейную  крыніцу. Таксама яны наведалі сядзібу Тадэвуша Касцюшкі і палац Пуслоўскіх у Косава. “Баявое хрышчэнне” ў якасці намесніка  кіраўніка падчас паходу прайшоў Дзмітрый  Ніканораў.

— Атрыманая  інфармацыя пра славутыя мясціны Беларусі будзе карыснай дзецям на ўроках гісторыі, — працягвае трэнер. — Мы шмат дзён правялі разам, дружнай камандай. Мае выхаванцы задаволены такім насычаным летам. Задаволены і іх бацькі,  таму што дзеці не бавяць час за камп’ютарамі і мабільнымі тэлефонамі.

Дарэчы, пухавіцкія скалалазы ў мінулым годзе сталі лепшымі турыстамі ў Мінскай вобласці. Пацвердзіць гэты высокі статус яны матываваны і сёлета.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *