Вечар развітання з дзяцінствам

Выпускны баль… Гэта як мяжа сталасці для ўчарашніх школьнікаў, чыё жыццё было да гэтага часу напоўнена толькі ўрокамі, перапынкамі, марамі пра заўтрашні дзень. А ён наступіў   так  хутка  ўслед  за  бясхмарным шчаслівым дзяцінствам. І вось 265 выпускнікоў разам з сябрамі, настаўнікамі і бацькамі спяшаюцца на першы дарослы баль і апошні школьны вечар…

— Наперадзе ў вас, выпускнікі, дарослае самастойнае жыццё, напоўненае як радасцю і поспехамі, так і цяжкасцямі, — звярнуўся да юных пухаўчан, адкрываючы раённы выпускны баль, старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Ленкавец. — Але не трэба баяцца праблем і няўдач. Трэба заўсёды верыць ў свае сілы і ісці наперад, імкнучыся  з  кожным  днём  станавіцца больш прафесійнымі, лепшымі, больш паспяховымі. Жадаю вам усім пры гэтым ніколі не забываць свае вытокі, сваіх настаўнікаў, якія заклалі  тую аснову, што стане падмуркам будучыні.

IMG_5309 копия

Вадзіму Фяськову залаты медаль уручае старшыня райвыканкама Сяргей Ленкавец

Сяргей Ленкавец па традыцыі ўручыў  семярым  выпускнікам, якія  атрымалі атэстаты асобага ўзору, галоўныя вучнёўскія ўзнагароды — залатыя медалі. У гэтым годзе іх атрымалі выпускнікі Мар’інагорскай гімназіі  Аліна Бакуновіч, Вадзім Фяськоў, Кацярына Груша, выпускнікі СШ №3 горада  Мар’іна Горка Марыя Зыранава і Яўген  Кучараў,  выпускнік СШ №2 горада Мар’іна Горка Яўген Мазанік.

Яўген Мазанік, дарэчы, выпускнік унікальны. Малады чалавек з першага класа вучыўся толькі на выдатна. Іншых адзнак ён проста не ведае.  І  выпускныя  экзамены ўчарашні адзінаццацікласнік здаў  на «дзясяткі». У далейшым  Яўген марыць звязаць сваё жыццё з тэхнічнымі спецыяльнасцямі. Але ў запасе ёсць унікальны шанец стаць без экзаменаў студэнтам Дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка: таленавіты выпускнік ужо сёння мае гарантыйны ліст рэктара ўніверсітэта аб пазаконкурсным залічэнні ў навучальную ўстанову.

Яўген Мазанік

Яўген Мазанік

Выпускнікоў-2016 на выпускным балі віталі таксама начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Валянціна Андрэева, старшыня  грамадскага  аб’яднання  «Белая Русь» Таццяна Лабанава і першы сакратар раённага камітэта  ГА  «БРСМ»  Таццяна  Красікава. Яны ўручылі  граматы і падарункі лепшым вучням, пераможцам алімпіяд і конкурсаў, лепшым спартсменам і актывістам. Узнагароды атрымалі Алена Паутава, Крысціна Прус, Андрэй  Зубарык,  Андрэй  Санковіч, Алеся  Прановіч,  Артур Лебедзь і іншыя выпускнікі школ нашага раёна.Добрым падарункам для выпускнікоў стаў святочны канцэрт, пасля завяршэння якога яны былі гатовы выпусціць у  неба  рознакаляровыя  шары. Але непрадказальны чэрвеньскі дождж некалькі змяніў планы. Зрэшты, усяго на некалькі хвілін. І гэта наўрад ці моцна сапсавала маладым пухаўчанам настрой: дождж — усяго толькі маленькая непрыемнасць, часовая перашкода. Зусім як у жыцці: трэба толькі пачакаць, і зноў стане сонечна…

Алена ШАНТЫКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *