Усе колеры восені сабраў першы раённы кірмаш

img_7466Усе колеры восені сабраў у мінулую суботу раённы сельскагаспадарчы кірмаш: чырвоныя і жоўтыя перцы, залацістая цыбуля, белая і ружовая бульба, залёныя качаны капусты… А яшчэ яблыкі, журавіны, буракі, морква – сапраўды поўная палітра фарбаў на прылаўках гандлёвых кропак радавала вока. Багатая наша восень на ўраджай і фарбы!..

Кірмашы для беларусаў даўно сталі добрай традыцыяй: гэта і пакупкі па цэнах ад вытворцы, і добры настрой. Яго на першым раённым кірмашы стваралі для пакупнікоў творчыя калектывы Пухавіччыны: на прывакзальнай плошчы народная музыка гучала з самай раніцы. Артысты радавалі пухаўчан, якія вырашылі доўга не спаць, каб быць першымі пакупнікамі. А пакупкі пад песню, напэўна, рабіць значна прыемней.

На кірмашы ў гэтым годзе быў прадстаўлены традыцыйны выбар прадукцыі, якую пакупнікам прапанавалі сельгасвытворцы, фермерскія гаспадаркі, індывідуальныя прадпрымальнікі, прадпрыемствы спажыўкааперацыі (усяго было 37 удзельнікаў). Бульба, з якой у першую чаргу пачынаюць нарыхтоўкі ўсе беларусы, капуста, цыбуля, морква, буракі — усё гэта можна было набыць (у фасоўцы і на вагу) адначасова ў адным месцы. І па сапраўды прымальных цэнах, якія, на маю памяць, практычна не адрозніваліся ад леташніх. img_7431

На машыне ААТ «Машхарчпрад», напрыклад, бульбу «брыз», якасную, чыстую, адна ў адну, прапаноўвалі за 20 капеек за кіла-грам.  Сетка каштавала 5 рублёў. У сярэднім цэны былі такімі: бульбу ў другіх месцах можна было знайсці па цане  19-30 капеек за кілаграм, цыбулю куплялі за 40-50 капеек, моркву — за 30-40 капеек, капуста каштавала таксама 30-40 капеек за кілаграм.

Сельгаспрадпрыемствы прапаноўвалі пакупнікам таксама авёс, пшаніцу, рапс, ячмень, трыцікале. Пры неабходнасці ажыццяўлялі і дастаўку прадукцыі. Работнікі СХФ «Індустрыя» нават двойчы падвозілі збожжа, якое хутка разыходзілася.

Пра дастаўку паклапаціліся ў гэтым годзе і работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага аб-слугоўвання насельніцтва. Пенсіянеры маглі скарыстацца машынай цэнтра, каб даставіць сельгаспрадукцыю ў межах горада. Да таго ж, цэнтр прадставіў на кірмашы выставу-продаж работ, якія зроблены наведвальнікамі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў.

img_7413Падобную экспазіцыю прывезлі на кірмаш і работнікі псіханеўралагічнага дома-інтэрната. Пакупнікі, праўда, ля гэтых столікаў не ўтваралі чэргі, але кожны ўсё ж мог спыніцца на хвіліну і ўбачыць, што робяць сваімі рукамі людзі з абмежаванымі магчымасцямі. І кожны жадаючы мог падтрымаць гэтых майстроў, купіўшы нешта на памяць.

Для таго, каб прыцягнуць пакупніка, прадаўцы пастараліся зрабіць свае гандлёвыя кропкі прывабнымі. Ад гэтага кірмаш звычайна і выглядае больш святочна. Работнікі райспажыўтаварыства, напрыклад, каля сваіх палатак стварылі з дарункаў восені сапраўдны міні-падворак з гаспадаром і гаспадыняй.

У дзень кірмашу Пухавіцкае райспажыўтаварыства, дарэчы, запрашала пакупнікоў у палаткі з таварамі грамадскага харчавання і кандытарскімі вырабамі. Чарга ўтварылася і за мясной прадукцыяй. А бліжэй да абеду сталі запатрабаванымі і гарачыя стравы, якія таксама прапаноўвалі пухаўчанам на кірмашы работнікі гандлю.

Нельга не сказаць і пра тое, што  райспажыўтаварыства арганізавала паслугу па дастаўцы пакупак да транспарту. І паслуга аказалася карыснай, таму што першы  кірмаш у гэтым годзе прайшоў на прывакзальнай плошчы, а не на пляцоўцы за горадам. Новае месца здалося не вельмі зручным у плане ажыццяўлення пад’езду да гандлёвых кропак на ўласным аўтамабілі, але, разабраўшыся ў сітуацыі, пакупнікі зразумелі, што пропуск на плошчу не забаронены зусім, а ўсяго толькі колькасна кантралюецца супрацоўнікамі ДАІ ў мэтах бяспекі. Заехаць змог кожны. Праўда, хтосьці вымушаны быў пастаяць колькі хвілін у чарзе.img_7350

На восеньскім кірмашы традыцыйна можна было купіць не толькі сельскагаспадарчую прадукцыю, але таксама прадукцыю ўласнай вытворчасці раённага камбіната бытавога абслугоўвання, ГП «Пухавічыгандаль», рыбную прадукцыю рыбгаса «Свіслач», Тураўскага кансервавага завода, Слуцкага сыраробнага камбіната, а таксама саджанцы дрэў і кветак, мёд.

Увогуле, пайсці дадому з пустымі рукамі наўрад ці было магчыма.

—  Мы кожны год ходзім на кірмаш, — расказваюць суседзі па чарзе — сямейная пара з Мар’інай Горкі. — І робім гэта не адзін раз, а практычна кожную суботу ў кастрычніку, пакуль арганізуюцца кірмашы. Нас задавальняюць цэны ад вытворцаў, наяўнасць выбару, а таксама магчымасць набыць прадукты харчавання і іншыя тавары. А сёння мы да таго ж  і канцэрт змаглі паглядзець. Нават дождж не сапсаваў настрою.

img_7492Зрэшты, дождж, напэўна, трошкі “прарэдзіў” чэргі. Але адсутнасць вялікага ажыятажу можа быць абумоўлена яшчэ і тым, што людзі добра ведаюць: кірмашы будуць працягвацца ўвесь кастрычнік, а таму ўпэўнены, што паспеюць зрабіць нарыхтоўкі.

Алена  ШАНТЫКА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *