У адным калектыве

Для аператараў машыннага даення  сельгасфіліялаЧырвоны майААТМінскі завод пеністых вінАлены Прановіч і  Вольгі  Ліхадзіеўскай шлях ад дому да работы стаў настолькі звыклым, што жанчыны нават не заўважаюць адлегласці. Двойчы на дзень — на ранішнюю і вячэрнюю дойкі — яны спяшаюцца на малочнатаварную ферму “Блужа-2”. Да працы ставяцца адказна, паказваюць добрыя вынікі.

Вольга Ліхадзіеўская працуе тут толькі шэсць месяцаў. Аднак вопыт работы мае: раней таксама працавала ў гаспадарцы.

Людміла Іўчанка і Алена Прановіч

Людміла Іўчанка і Алена Прановіч

— Склалася так, што я два гады  працавала  ў  школе,  —  успамінае   Вольга  Сцяпанаўна. — Калі  заатэхнік Таццяна Марцінчык прапанавала мне вярнуцца, з радасцю згадзілася. Тут я на сваім месцы,  душа ляжыць да гэтай працы.

— Добрым работнікам мы заўсёды рады, — дадае ўпраўляючая аддзяленнем  (фермай “Блужа-2”)  Людміла Іўчанкава. — Вольга адказная і старанная. Яна з лёгкасцю ўлілася ў наш дружны калектыў.

Дагэтуль Вольга працавала на звычайнай ферме, дзе вялася лінейная дойка кароў. На ДМБ “Блужа-2” праца арганізавана інакш.

— Спачатку я думала, што не прывыкну да такіх інавацый. Нязвыкла даіць кароў, калі яны  стаяць наверсе, і ты  не можаш зазірнуць у іх вочы, убачыць, які ў жывёлы настрой. Прызнаюся, што першы час баялася, бо жывёлы, як і людзі, усе розныя, — працягвае  Вольга  Ліхадзіеўская.  —  Зараз, канешне, пры-звычаілася. 

Вольга Ліхадзіеўская дома таксама трымае гаспадарку. Даглядае яна і кароўку.  Асноўная праца займае шмат часу, аднак жанчына навучылася ўсюды паспяваць.

Вольга Ліхадзіеўская

Вольга Ліхадзіеўская

Напарніца  Вольгі  Сцяпанаўны   —  Алена Прановіч — ужо 15 гадоў шчыруе ў гаспадарцы. Алена Сяргееўна — у ліку лепшых аператараў машыннага даення ў сельгасфіліяле,  прызёр раённага конкурсу прафесійнага майстэрства. Ведаючы гэтыя факты, цяжка ўявіць, што калісьці жанчына бачыла кароў толькі на малюнках.

— Я ніколі не думала, што буду працаваць у сельскай гаспадарцы. Нарадзілася і вырасла я ў горадзе Нарыльск. Там на працягу дзевяці месяцаў доўжыцца  зіма і палярная ноч. Зразумела, што з-за такога халоднага надвор’я ні агародаў, ні гаспадаркі  не было, — расказвае Алена  Прановіч. — Працаваць на ферму прыйшла выпадкова і нечакана для сябе знайшла сваё месца ў жыцці. Усе прафесійныя  навыкі  атрымлівала тут, на месцы. Маім настаўнікам, калі можна так сказаць, была  Наталля Салавей.

Лёгкай працу аператараў машыннага даення дакладна не назавеш. Быў час, калі даяркам прыходзілася працаваць без выхадных, і пры гэтым даглядаць цялят. Па словах жанчын,  калі  ідзеш  працаваць у жывёлагадоўлю, трэба быць гатовым, што пастаянных выхадных не будзе.Працаваць на ферме “Блужа-2” жанчынам падабаецца. Для аператараў машыннага даення створаны ўсе ўмовы. Аднак даяркі часцей перажываюць не за сябе — за жывёл: каб кароўкі дагледжаныя былі, каб ім своечасова раздалі кармы. Тыя, у сваю чаргу, расплачваюцца высокімі надоямі.За 11 месяцаў надой на карову на МТФ “Блужа-2” склаў 5168 кілаграмаў. За гэты перыяд Вольга Ліхадзіеўская і Алена Прановіч надаілі амаль па 4,5 тысячы кіла-грамаў малака кожная. Да канца года ў гаспадарцы плануюць павысіць надоі.

На даільна-малочным блоку “Блужа-2” дойны  статак —  каля  300  галоў.  Для  Алены Прановіч і Вольгі Ліхадзіеўскай падаіць іх — звычайная штодзённая справа.

— Важна не тое,  кім  ты  працуеш. Галоўнае — твае адносіны да працы. Стараюся, таму што люблю сваю работу, — падсумоўвае Алена Прановіч.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *