19 лістапада — Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці!
Паважаныя працаўнікі аграпрамысловага комплексу раёна! Сардэчна віншуем вас з прафесійным святам — Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці!
Сельская праца неабходна ўсім і кожнаму, яна — аснова эканомікі раёна. Не кожны чалавек здольны працаваць у вёсцы. Гэта работа спецыфічная і патрабуе асаблівых да яе адносін. Прыродная мудрасць працаўнікоў вёскі, любоў да роднай зямлі, працавітасць, стойкасць і цярплівасць заслугоўваюць павагі і дастойны прызнання.
Ад усёй душы жадаем вам моцнага здароўя, поспехаў у вырашэнні пастаўленых задач, значных дасягненняў у працоўнай дзейнасці, стабільнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, дабрабыту, аптымізму і ўдачы ў новых здзяйсненнях!
Раённы выканаўчы камітэт.
Раённы Савет дэпутатаў.
Сёлетні год адметны для раёна высокім намалотам збожжавых культур — каля 105 тысяч тон. Найбольшы ўклад у агульны каравай Пухавіччыны ўнеслі земляробы ААТ “Голацк”. Валавы намалот у гаспадарцы склаў больш за 11 тысяч тон (на здымку — дырэктар сельгасарганізацыі Дзмітрый Ленкавец).
У галіне жывёлагадоўлі адну з лідзіруючых пазіцый займае СУП “Дукора-Агра”. Гаспадарка лепшая ў раёне па сярэднім надоі малака ад каровы: 4808 кілаграмаў за десяць месяцаў. Аператар машыннага даення Юлія Страх (на здымку) з МТФ “Харавічы” традыцыйна ўваходзіць у спіс перадавікоў гаспадаркі і раёна. Сёлета Юлія стала прызёрам абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства.
Аддзячыць шчодрая зямля
Традыцыйна ў трэцюю нядзелю лістапада сваё прафесійнае свята адзначаюць людзі, якія забяспечваюць харчовую бяспеку краіны. Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці — свята тых, хто працуе на зямлі, даглядае жывёлу, перапрацоўвае зерне і малако. Такіх людзей у нашым раёне некалькі тысяч.
Вынік іх канчатковай працы ў выглядзе прадуктаў харчавання заўважны кожнаму з нас. Пра вытворчыя поспехі пухавіцкіх аграрыяў расказаў намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Тупека:
— Гэты год запомніцца многім хлебаробам з лепшага боку. Агульны намалот збожжа склаў каля 105 тысяч тон. Сярод гаспадарак раёна найбольш важкі каравай атрымалі голацкія працаўнікі — больш за 11 тысяч тон. На 10 тысяч тон збожжа новага ўраджаю свае засекі папоўнілі ААТ “Агра-Абярэг”, ААТ “Зазерка” і СУП “Дукора-Агра”.
Бягучы год стаў дэбютным для некаторых сельгасарганізацый у вырошчванні цукровых буракоў. Салодкія караняплоды з’явіліся на палетках адкрытых акцыянерных таварыстваў “Племянны завод “Індустрыя”, “Зазерка”, “Агра-Абярэг”, сельгасфіліялаў “Дрычын” і “Светлая ніва” на агульнай плошчы 830 гектараў. Ураджай у першы год мы атрымалі добры: амаль 50 тысяч тон. Сярэдняя ўраджайнасць па раёне складае каля 600 цэнтнераў з гектара. Цукровыя буракі — культура прыбытковая. На наступны год плануем павялічыць пасяўную плошчу да 1100 гектараў, таксама набыць сеялку і буракаўборачны камбайн.
Большасць сельскагаспадарчых работ ужо завершана, земляробы працуюць на ўраджай будучага года. Завяршаецца ўзняцце зябліва і вываз арганікі на палі.
У зімовы перыяд за матэрыяльны дабрабыт гаспадарак у значнай ступені адказвае галіна жывёлагадоўлі. За дзесяць месяцаў у раёне выраблена 57521 тона малака, што складае 106,1 працэнт да 2016 года. Найбольшага паказчыку па вытворчасці малака дасягнула ААТ “Голацк” — 6657 тон. Добрыя вынікі таксама ў жывёлаводаў ААТ “Зазерка” — 6585 тон, ААТ “Агра-Абярэг” — 5915 тон, СУП “Дукора-Агра” — 5370 тон.
Самы высокі паказчык па сярэднім надоі малака ад каровы за дзесяць месяцаў атрымаў калектыў СУП “Дукора-Агра” — 4808 кілаграмаў. Чатырохтысячную мяжу па гэтым жа паказчыку пераадолелі сельгасфіліялы “Дрычын” і “Чырвоны май”, ПСУ “Рудзенскае”, ААТ “Агра-Абярэг”, ААТ “Голацк” і ЭБ “Зазер’е”.
Сярэднясутачныя прывагі ў вазе з пачатку года ў раёне склалі 538 грамаў, што на 70 грамаў больш, чым у мінулым годзе. Найбольшую сярэднясутачную прывагу ў вазе буйной рагатай жывёлы з пачатку года таксама атрымалі ў СУП “Дукора-Агра” — 628 грамаў. Добрымі вынікамі могуць пахваліцца сельгасфіліял “Дрычын” і ААТ “Агра-Абярэг” — 610 грамаў.
Прыемна адзначыць, што ёсць тэндэнцыя павелічэння і іншых вытворчых паказчыкаў. Напрыклад, вырошчванне жывёлы павялічылася на 978 тон у параўнанні з мінулым годам і за дзесяць месяцаў склала 8561 тону.
Многія гаспадаркі нямала сродкаў укладваюць у развіццё жывёлагадоўлі. Сярод такіх варта адзначыць ААТ “Агра-Абярэг”. Будаўніцтва новых памяшканняў для ўтрымання жывёлы вядзецца за ўласныя сродкі. Нядаўна пабудавалі два будынкі для ўтрымання бычкоў. У новых памяшканнях цяпер утрымліваецца жывёла і ў ААТ “Голацк”, “Зазерка”, “Вецярэвічы”.
Усе вытворчыя поспехі залежаць ад людзей, таму напярэдадні прафесійнага свята хочацца пажадаць усім працаўнікам сельгасарганізацый моцнага здароўя, невычарпальнай энергіі, поспехаў і дасягнення ўсіх пастаўленых мэт. Няхай праца заўсёды прыносіць задавальненне, асалоду і матэрыяльны дабрабыт.
Запісала
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.