Пухавіччане перамаглі ў намінацыі “Сельская спартыўная эстафета”
Сям’я Лебедзевых з аграгарадка Голацк прадстаўляла наш раён на абласным этапе рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла-2019”, які прайшоў у Любані. Пухавіччане перамаглі ў намінацыі “Сельская спартыўная эстафета”.
Аляксандр і Паліна разам чатыры гады. Галоўны скарб іх жыцця — двухгадовая Эмілія і Ясміна, якой нядаўна споўніўся год. Дзяўчынкі аказаліся самымі маленькімі ўдзельнікамі конкурсу і натхнялі бацькоў на перамогу.
— Для нас гэта быў дэбют, таму мы вельмі хваляваліся, — расказала Паліна. — Арганізатары падрыхтавалі цікавыя намінацыі. Мы з лёгкасцю збілі лаўку з пяці дошак, бо Саша займаецца будаўніцтвам. Запомніўся таксама інтэлектуальны конкурс. У спартыўнай эстафеце мы перамаглі дзякуючы арганізаванасці і спрытнасці мужа. Калі будзе магчымасць, з радасцю прымем удзел у такім праекце яшчэ.
Пераможцам конкурсу стала сям’я Мячкоўскіх з Маладзечанскага раёна. Яна прадставіць Мінскую вобласць на рэспубліканскім этапе.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.