Юбілейны медаль — гэта прыемная адзнака за працу

Старшыня райвыканкама Віктар Каляда ўручае медаль Юрыю Плешавеню.

Юбілейным медалём “100 год органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчаваннем Беларусі”  быў  узнагароджаны дырэктар ААТ “Аграсімвал” Юрый Плешавеня. Больш за 30 гадоў Юрый Міхайлавіч працуе ў сельскай гаспадарцы, з іх 18 гадоў — на кіруючых пасадах. Увесь час на пухавіцкай зямлі.

— Калі я прыйшоў на работу з чырвоным дыпломам пасля заканчэння Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута ў калгас імя Куйбышава, тады трактар МТЗ-82 быў самым сучасным, а збожжа ўбіралі на камбайне “Ніва”. Але я з цеплынёй успамінаю той час, — кажа Юрый Міхайлавіч. — Спецыялісты былі маладыя, гарэлі жаданнем атрымліваць задавальненне ад сваёй працы. У гаспадарцы быў цудоўны калектыў вопытных механізатараў, жывёлаводаў, які ўзначальваў Іван Каранік.

Далей была праца ў саўгасе “Дрычынскі” на пасадзе галоўнага заатэхніка, а потым і дырэктара гаспадаркі. Дзе б ні працаваў Юрый Міхайлавіч, для яго заўсёды галоўным заставалася павага да чалавека працы. Ён умее цаніць кожнага,  на якім бы ўчастку чалавек  не працаваў. Як сам прызнаўся, —  ніколі не дазваляў сабе зневажаць чалавека.

Гаспадарка, якую  чацвёрты год узначальвае Юрый Плешавеня, — ААТ “Аграсімвал”, — дасталася яму з багажом даўгоў, але дзякуючы яго намаганням за гэты час сітуацыя значна палепшылася. Напрыклад, калі ён прыйшоў у сельгасарганізацыю, ад каровы даілі толькі 8 кілаграмаў малака ў суткі, а зараз — амаль 12 кілаграмаў.

Малако было і застаецца асноўнай крыніцай паступлення грошай на рахунак гаспадаркі. Таму галоўную ўвагу тут удзяляюць развіццю жывёлагадоўлі, і ў першаю чаргу пашырэнню кармавой базы, з акцэнтам на сакавітыя і вітамінныя кармы. Дзякуючы стварэнню добрай кармавой базы для патрэб жывёлагадоўлі, строгаму захаванню тэхналогіі ўтрымання, паляпшэнню ўмоў працы і дысцыпліны, удалося дасягнуць у кароткі тэрмін добрых вынікаў. Малако рэалізуецца вышэйшым  і экстра гатункамі. Вырасла і заработная плата ў людзей.

У ААТ “Аграсімвал” на МТФ “Гарэлец” і МТК “Бор” утрымліваецца 2400 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх  1055 — дойны статак. Надой на карову з пачатку года склаў 3787 кілаграмаў малака (плюс да леташняга — 159 кілаграмаў).

У сельгаспрадпрыемстве працуе сучасная высокапрадукцыйная шыроказахватная тэхніка, але без добрасумленнай працы механізатараў ніякая тэхніка не зможа даць той вынік, на які разлічваюць. Таму кадрам тут асаблівая ўвага. Нядаўна ў калектыў прыйшлі адразу чатыры маладыя механізатары. Галоўныя спецыялісты таксама маладыя —  па 30-35 гадоў. Усе забяспечаны жыллём, дастойнай заработнай платай. У гаспадарцы ёсць сталовая, інтэрнат, пакоі абсталяваны ўсім неабходным для пражывання.

Юрый Плешавеня не без гонару заўважыў, што праца ў сельскай гаспадарцы была і застаецца не толькі справай усяго яго жыцця, але тым рухавіком, які не дае сядзець на месцы.

— Я люблю асвойваць усё новае, стараюся не адставаць ад моладзі, — кажа Юрый Міхайлавіч. — Мне прыемна, што за час маёй працы ў ААТ “Аграсімвал” адбыліся перамены да лепшага. Мы атрымліваем болей прадукцыі, заработная плата людзей вырасла на  112,5 працэнта да ўзроўню мінулага года.

Я задаволены дружным, працаздольным калектывам, з якім разам дабіваемся поспехаў, і ўдзячны людзям за добрасумленную працу. У нас працуюць вопытныя жывёлаводы і механізатары, якія сумленна выконваюць свае абавязкі. І пайшоўшы на пенсію, людзі не расстаюцца са сваім калектывам. А галоўныя спецыялісты стараюцца ісці ў ногу з часам і ўкараняць усё новае і перадавое  ў жывёлагадоўлі і раслінаводстве.

У кіраўніка ААТ “Аграсімвал” планаў вельмі шмат. Ён спадзяецца, што ўсё задуманае абавязкова збудзецца, а юбілейны медаль —  гэта прыемная адзнака за працу, якая прыносіць кожны дзень не толькі клопаты, але і задавальненне.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *