Ці гатова тэхніка ў сельгасарганізацыях Пухавіцкага раёна да зімы

На мехдвары сельгасфіліяла “Светлая ніва”.

Пытанні пастаноўкі тэхнікі на захоўванне стаяць на парадку дня ў гаспадарках раёна з пачатку восені. Першапачаткова зернеўборачныя камбайны, пасяўныя агрэгаты і іншую тэхніку інжынерныя службы павінны былі паставіць на працяглае захоўванне да першага лістапада. Камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама працягнуў гэтыя тэрміны  да першага снежня, што стала выратавальным кругам для большасці гаспадарак. Якую карціну можна ўбачыць на мехдварах зараз?

На пляцоўцы для  захоўвання тэхнікі СУП “Дукора-Агра” стаяць плугі, граблі, жаткі, пасяўныя і глебаапрацоўчыя агрэгаты. Зернеўборачныя і кормаўборачныя камбайны будуць зімаваць у ангарах.  Начальнік  інспекцыі Дзяржтэхнагляду раёна  Дзяніс Шырокі звяртае асаблівую ўвагу на плугі: яны падрыхтаваны належным чынам і па-стаўлены згодна з патрабаваннямі Дзяржстандарту. Падаецца, што тэхнікі, якая стаіць на пляцоўцы, для такой вялікай сельгасарганізацыі мала.

— Яшчэ адзін пасяўны агрэгат стаіць  на рамонце. Культыватар, які вясной першым выйдзе ў поле,  таксама ўжо рамантуем. Да будучага сезона ўжо рыхтуем і два энерганасычаныя трактары.  Пачатку масавых рамонтаў тэхнікі, якія звычайна бываюць зімой, мы вырашылі не чакаць,  — расказвае дырэктар  СУП “Дукора-Агра“ Аляксандр Славікоўскі.

Плугі на мехдвары СУП “Дукора-Агра” пастаўлены ў адпаведнасці з патрабаваннямі Дзяржстандарту.

З пастаноўкай тэхнікі на захоўванне ў гаспадарцы цалкам справіліся. Як падкрэсліў Дзяніс Шырокі, сёлета інжынерныя службы  СУП “Дукора-Агра” і ААТ “Голацк”  папрацавалі ў гэтым накірунку лепш, чым у мінулым годзе. Да канца года на мехдвары ў Дукоры  плануюць пабудаваць мыйку для тэхнікі, напярэдадні вясны  —  пафарбаваць гаражы.

 — З пастаноўкай тэхнікі на захоўванне сельгасарганізацыі раёна справіліся на 90 працэнтаў. Значны крок наперад па навядзенні парадку на мехдвары зрабілі ў ААТ “Аграсімвал”, — гаворыць Дзяніс Шырокі. — За апошні месяц у лепшы бок адбыліся перамены ў сельгасфіліяле “Светлая ніва”.  Найбольш складаныя сітуацыі на мехдварах у  ЭБ “Зазер’е” і ААТ “Суцінскі”. Тэхніка вычышчаная і памытая, але не пастаўлена на захоўванне згодна з Дзяржстандартам.  Прычыну  бачу ў адсутнасці арганізацыі працы. На выпраўленне сітуацыі застаўся роўна тыдзень.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *