Доўгажыхарцы з аграгарадка Навасёлкі ўручылі новы пашпарт

Вольга Мікалаеўна Кондрусь.

Нядаўна Вольга Мікалаеўна Кондрусь з аграгарадка Навасёлкі атрымала новы пашпарт. Нагодай  замяніць важны дакумент стала 100-годдзе  жанчыны.

З пажаданнямі моцнага здароўя пашпарт доўгажыхарцы ўручыла начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Пухавіцкага РАУС Алена Сугак.  Вольга Мікалаеўна сваёй рукой  пакінула подпіс у новым дакуменце.

З падарункамі прыехалі таксама старшыня Навасёлкаўскага сельвыканкама Галіна Пылянок, спецыяліст па сацыяльнай рабоце ДУ “ТЦСАН Пухавіцкага раёна” Ганна Руднева і начальнік аддзела матэрыяльна-бытавога забеспячэння ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Сяргей Яромін. Шчырай усмешкай падзякавала юбілярка гасцям за ўвагу.

— Маці па жыцці ідзе з усмешкай. Яна заўсёды была аптымісткай, нягледзячы на няпросты лёс, — гаворыць старэйшая дачка Марыя Ярмак. — Нарадзілася і вырасла яна ў вёсцы Пцічанскае. Там жыла ў гады  вайны. Бацька пайшоў у партызаны, а маці даглядала нас. Я, старэйшая дачка, нарадзілася ў 1942 годзе. З дзяцінства памятаю, што мы вымушаны былі жыць у зямлянках. Хату пачалі будаваць, калі я толькі пайшла ў першы клас. Пасля вайны ад тыфу памерлі мая бабуля і цётка. На шчасце, маму гэта хвароба мінула.

Вольга Кондрусь усё жыццё працавала ў мясцовай гаспадарцы. На працы  трэба было выканаць норма-змены, дома чакалі хатнія клопаты (разам з мужам выхоўвалі траіх дачок і чатырох сыноў). Часта жанчына хадзіла ў лес па ягады. Вялікія кошыкі з журавінамі прыносіла за некалькі кіламетраў, бо ягады можна было прадаць і купіць хлеб.

У пачатку 80-х гадоў цяжкая хвароба забрала жыццё мужа. Перажыць страту дапамаглі родныя. Цяпер Вольгу Мікалаеўну даглядаюць дочкі. Бясцэнны скарб юбіляркі —  пятнаццаць унукаў і дваццаць пяць праўнукаў.

Раней  Вольга Мікалаеўна Кондрусь любіла спяваць. Музыка і цяпер быццам вяртае яе ў маладосць. Праўнук Раман Камароўскі сыграў на баяне для юбіляркі знакамітую мелодыю з мультфільма “Чабурашка і кракадзіл Гена”. З задавальненнем Вольга Мікалаеўна слухала яе і, здаецца, пазнала песню, якой традыцыйна віншуюць у дзень нараджэння.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *