Дружнай камандай выйшлі на суботнік

Мінулая субота стала адметнай у жыцці раёна. У гэты выхадны дзень многія пухавіччане па закліку раённага выканаўчага камітэта выйшлі на  працу.  Мэта  суботніка —  навядзенне належнага санітарнага парадку на тэрыторыі населеных пунктаў, аб’ектаў сацыяльнай сферы і месцаў масавага адпачынку. У рамках суботніка было зроблена і шмат іншых спраў.

Маріна  Горка

Звычайна ў летнія выхадныя дні вуліцы горада раніцай вы-глядаюць яшчэ соннымі, але ў мінулую суботу яны абудзіліся гулам шматлікай тэхнікі камунальнай і дарожнай служб. Таксама сваю тэхніку і людзей накіравалі на ўборку вуліц шэраг арганізацый і прадпрыемстваў райцэнтра.

Вялікі атрад  (каля 60 чалавек) склалі работнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, якія правялі ўборку тэрыторыі каля кафедральнага сабора Святога Аляксандра Неўскага і вуліцы Новая Зара.

Працоўны дэсант ААТ “Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў” паспяхова справіўся з заданнем па высечцы  хмызняку і ўборцы вуліц Пятра Гучка і Энгельса. А яшчэ брыгада гэтага прадпрыемства займалася работай па замене ўчастка пашко-джанага высокавольтнага кабелю, які прызначаны для падачы электраэнергіі на камбінат.

У суботніку прынялі ўдзел работнікі ўсіх падраздзяленняў УП “Жылцепласэрвіс” КГ раёна: каля 400 працаўнікоў камунальнага прадпрыемства не толькі ў Мар’інай Горцы займаліся ўборкай і абкошваннем вуліц і дваровых тэрыторый, вывазкай сабранага лісця і смецця,  але і  ў сельскіх населеных пунктах дапамагалі ўдзельнікам суботніка ў навядзенні парадку на зямлі, выконвалі работы па перакладцы цеплатрас.

Гукі бензапіл і сякер раздаваліся паабапал шашы, што вядзе ад развязкі дарог Мар’іна Горка-Чэрвень да аграгарадка Блонь. Работнікі ДРБУ-169 займаліся высечкай хмызняку,  уборкай прыдарожнай паласы ад смецця. У гэтай справе ім дапамагалі працаўнікі Пухавіцкага раёна электрасетак, Пухавіцкага занальнага вузла электрасувязі, Светлаборскага лясніцтва, Пухавіцкага РГЗ філіяла “Слуцкгаз”.

Калектывы многіх прадпрыемстваў і арганізацый горада ў дзень суботніка арганізавалі работы па добраўпарадкаванні і ўборцы ўласных і замацаваных тэрыторый, а таксама накіравалі сваю тэхніку і працаўнікоў у сельскія населеныя пункты для ўдзелу ў работах па навядзенні парадку на грама-дзянскіх могілках і воінскіх  пахаваннях,  высечцы хмызняку, абкошванні тэрыторый, уборцы і вывазцы смецця.

Рудзенск 

Адказна аднесліся да ўдзелу ў суботніку калектывы  прадпрыемстваў  гарадскога пасёлка Рудзенск.

— Працаўнікі  Мінскай ЦЭЦ-5 і  ААТ “Рудзенск” вычышчалі ад смецця могілкі ў гарадскім пасёлку, — паведаміла старшыня Рудзенскага сельвыканкама Наталля Крыварукава.  —  Работнікі мясцовага ўчастка УП “Жылцепласэрвіс” КГ і сельвыканкама фарбавалі агароджу на вуліцах пасёлка. Работнікі ААТ “Рудзенск” таксама навялі парадак на прылягаючай да завода тэрыторыі. Байцы пажарнага аварыйна-выратавальнага паста займаліся высечкай сухастою і ўборкай галля. Землі агульнага карыстання ачышчалі ад кустоў некаторыя работнікі лясніцтва,  іншыя наводзілі парадак у дэндрапарку.

— Мы займаемся будаўніцтвам новай дарожкі, — правяла невялікую экскурсію па дэндрапарку ляснічы Рудзенскага лясніцтва Кацярына Размысловіч. — Падчас суботніка вырашылі прывесці ў парадак навес для захоўвання тэхнікі, падфарбаваць усё, што патрэбна, абкапаць  вакол дрэў. У дэндрапарку зараз можна пабачыць каля 300 відаў розных раслін, і ўсе яны патрабуюць клопату. Акрамя таго, ёсць цяпліцы, дзе вырошчваюцца саджанцы сасны, елкі, іншых дрэў.

Свіслач

Як заўсёды, дружнай камандай выйшлі на суботнік работнікі ААТ “Завод горнага воску”. Калектыў  прадпрыемства ўзяў шэфства над лесапаркавай зонай, якая прылягяе да тэрыторыі завода. Вось і ў  мінулую суботу там сабіралі смецце. Трэба адзначыць, што колькасць яго ўразіла: нагрузілі амаль цэлы прычэп трактара мяшкамі з пластыкавымі бутэлькамі, поліэтыленавымі  пакетамі і іншым смеццем.

— Мы прыбіралі не толькі лесапаркавую зону, але і ўсю тэрыторыю, што прылягае да завадской, — расказаў выконваючы абавязкі галоўнага інжынера Вадзім Бэндэр, які кіраваў работамі.  — Сабралі і звезлі смецце, хвораст, сухую расліннасць. Некалькі брыгад займаліся добраўпарадкаваннем самой тэрыторыі завода: работнікі былі размеркаваны па паркавых тэрыторыях. Усіх забяспечылі неабходным для ўборкі інвентаром, тэхнікай для вывазу смецця.

Голацк

Раніцай ў суботу на пляцоўцы каля Голацкага сельвыканкама  было шматлюдна. Тут сабраліся прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, якія прыбылі, каб дапамагчы  правесці добраўпарадкаванне ў аграгарадку і ў іншых месцах.

— На тэрыторыі сельсавета працавалі не толькі мясцовыя арганізацыі, але і памочнікі з райцэнтра, гарадскога пасёлка Свіслач, — расказаў старшыня Голацкага сельвыканкама Віктар Малуха. — Работнікі Пухавіцкага раёна электрасетак пафарбавалі жалезабетонны плот па вуліцы Пятра Гучка. Нам прыйшлося нанова ўсталяваць частку агароджы,  якая была пашкоджана.

Выратавальнікі з пажарнай аварыйна-выратавальнай часці  гарадскога пасёлка Свіслач і работнікі энерганагляду займаліся ачысткай зялёных насаджэнняў ад сухастою. Калектыў Голацкага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа прыводзіў у парадак сквер аграгарадка, а  педагогі і тэхнічныя работнікі Зазерскай школы і дзіцячага садка  працавалі на сваёй тэрыторыі, якую заўсёды імкнуцца ўтрымліваць ва ўзорным парадку.

Работнікі сельвыканкама ачышчалі ад смецця могілкі ў Голацку. На Пярэжырскіх могілках працавалі прадстаўнікі ААТ “Завод горнага воску”. Работнікі ААТ “Голацк” займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі каля свайго адміністрацыйнага будынка.  А спецыялісты  УП “Жылцепласэрвіс” КГ зрабілі разметку для транспарту на цэнтральнай плошчы.

Голацк у гэтым годзе  будзе прымаць раённае свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі “Дажынкі”. Тут прыкладаецца шмат намаганняў, каб аграгарадок выглядаў дастойна, таму дапамога арганізацый раёна падчас суботніка  прыйшлася дарэчы.

Андрэй  МАЗАНІК.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *