На літаратурным свяце ў Дубраўскай школе ўспаміналі Лесю Украінку

Валянціна Андрэева і Іван Башняк.

Напрыканцы лютага адзначаецца дзень нараджэння таленавітай украінскай паэткі Лесі Украінкі. Каб ушанаваць яе памяць, вучні ДУА “Дубраўская сярэдняя школа” падрыхтавалі сапраўднае літаратурнае свята. На яго завіталі  госці — саветнік-пасланнік Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Пётр Урублеўскі, першы сакратар Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Іван Башняк.

Леся Украінка — імя, знаёмае людзям розных краін. Яна амаль адзіная жанчына-паэтка, творчая зорка якой ярка ўспыхнула сярод такіх выдатных мужчынскіх імёнаў, як Тарас Шаўчэнка і Іван Франко. Яна  заявіла пра сябе ў літаратуры як тонкі лірык, геніяльны драматург, таленавіты празаік,  публіцыст, фалькларыст, перакладчык.

У 1971 годзе па рашэнні міжнароднай арганізацыі ЮНЭСКА 100-годдзе з дня нараджэння Лесі Украінкі ад-значалася ва ўсім свеце. А ў сталіцы Беларусі  ў яе гонар названа прыгожая вуліца. Ушаноўваюць памяць  украінскай паэткі і на Пухавіччыне.

Вучні Дубраўскай школы падчас імпрэзы  расказвалі пра  кароткі, але яркі жыццёвы шлях Лесі Украінкі, чыталі на памяць вершы паэткі.

— Леся Украінка паўстала перад намі як моцны, мужны чалавек, — гучала ў выступленнях вучняў. — Яна з’яўляецца прыкладам волі да жыцця,  шчырай любові да людзей і роднай зямлі.

Іван Башняк ад імя  Пасольства Украіны падзякаваў усім за сяброўства і свята, прысвечанае памяці Лесі Украінкі. Ён адзначыў, што праз паэзію працягваецца сяброўства  паміж народамі.

— Творы Лесі Украінкі  перакладзены на беларускую мову, — адзначыў Іван Сцяпанавіч. — Гэта тое, што нас яднае. Для нас,  украінцаў, бліжэй мовы за беларускую няма. Мы вельмі блізкія народы. Наша Леся Украінка бывала і ў вашым краі ў  Бонч-Асмалоўскіх  у мястэчку Блонь. У раённым  краязнаўчым музеі ёсць цэлая экспазіцыя пра яе. Гэта  нас аб’ядноўвае з беларусамі. Праз паэзію і такія цёплыя сустрэчы працягваецца вялікае сяброўства паміж народамі. У нас вельмі глыбокія карані: духоўныя, культурныя, гістарычныя і нават дзяржаўныя. Прыемна, што мы і далей працягваем сябраваць, а  Мар’іна Горка мае  гарады-пабрацімы  ва Украіне.

— Такога ўзроўню мерапрыемства мы праводзім упершыню, — падзялілася дырэктар ДУА “Дубраўская сярэдняя школа” Валянціна Андрэева. — Як проста можна сябраваць дзякуючы літаратуры, мастацтву.  Нам нават  не трэба  перакладчыкаў,  каб дзяліцца сваімі думкамі і ўражаннямі. Спадзяёмся, што гэта пачатак добрага сяброўства.

— Сустрэча, якую арганізавалі ў нашым раёне  ў гонар украінскай паэткі, ужо шостая,  — сказаў  дырэктар раённага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч. — У гэтым годзе мы вырашылі арганізаваць літаратурную сустрэчу ў невялічкай вясковай школе, дзе ёсць  музейны куточак, які дадаў нашаму святу незвычайны каларыт.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *