На мінулым  тыдні  ў  сельскагаспадарчых  арганізацыях   раёна прыступілі да ўнясення ўдабрэнняў пад яравую сяўбу

Снимок носит иллюстративный характер.

У ААТ «Зазерка» на палях, дзе тэхніка змагла прайсці, уносілі хлорысты калій.

— Наша сельгасарганізацыя — адна з самых вялікіх, і аб’ём работ  трэба будзе выканаць адпаведны, — кажа галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Сідорык. — А, як вядома, вясной кожная хвіліна на ўліку. У гэтым годзе вясна затрымліваецца, ды і людзі на вагу золата. Што можна зрабіць ужо зараз, стараемся зрабіць.

Першым выехаў у поле на МТЗ-1523 з агрэгатам РУ-7000 Іон Панфіл, які ўносіў удабрэнні. Там, дзе яшчэ не дазваляла вільгаць, на агрэгаце “Раса” іх  уносіў Сяргей Стоцкі. Падвозіў  удабрэнні  на аўтамашыне МАЗ Ілля Міхаленя. Штодня ўдабрэнні ўносіліся на плошчы 70-80 гектараў. Гэтую работу ўжо выканалі амаль на ўсёй плошчы, дзе плануецца пасеяць яравыя культуры (950 гектараў). Гэта планавае заданне на ўзроўні мінулага года. З улікам частковага ўнясення калію восенню і таго, што было зроблена цяпер, глеба запраўлена ўжо пад поўную патрэбу.

А вось пад цукровыя буракі ў сельгасарганізацыі  сёлета  вырашылі  выдзеліць 190 гектараў, што на 30  гектараў больш, чым у мінулым годзе. Пад гэтую салодкую культуру з восені ўнеслі фосфарныя і калійныя ўдабрэнні. Засталося выканаць неабходныя апрацоўкі, якія робяць  па  вясне.

— Унясенне ўдабрэнняў — першае, што робяць з прыходам вясны.  Таксама ў нас створана звяно па вывазцы арганікі, — адзначае галоўны аграном. — Уносім арганічныя ўдабрэнні пад кукурузу, якой плануем пасеяць 700 гектараў.

Дарэчы, на мінулым тыдні ў ААТ “Зазерка” аднавілася работа сталовай і пачалі карміць людзей  абедамі. Гэта адна з прыкмет таго, што ў аграрыяў стартаваў гарачы сезон.

Анастасія   ГЛЕБАВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *